Еўрапейскія дні назірання за птушкамі пройдуць у Беларусі 1—2 кастрычніка, паведамілі ў грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ).

ptushki.org

«Даследаванне, праведзенае BirdLife International і апублікаванае ў 2015 годзе, паказвае, што 25 млн пералётных птушак штогод незаконна забіваюць у краінах Міжземнамор'я. Барацьба з гэтымі бязглуздымі забойствамі, якім няма апраўдання, стала адной з прыярытэтных задач партнёраў прыродаахоўнай асацыяцыі BirdLife па ўсім свеце. АПБ як партнёр BirdLife International заклікае 1-2 кастрычніка ўзяць удзел у Еўрапейскіх днях назірання за птушкамі EuroBirdwatch-2016 і расказаць знаёмым пра тое, што такое міграцыя», — адзначылі ў АПБ.

У грамадскай арганізацыі распавялі, што мэта EuroBirdwatch — пазнаёміць мясцовых жыхароў з пералётнымі птушкамі, іх патрэбамі на месцах гнездавання, праблемамі на пралётных шляхах і ў раёнах зімоўкі ў Міжземнамор'і і ў Афрыцы. «Летась жыхары 41 краіны Еўропы і Цэнтральнай Азіі арганізавалі больш за тысячу мерапрыемстваў, за выхадныя ўдалося адзначыць больш за 5 млн птушак. У Беларусі ў 2015 годзе ў акцыі паўдзельнічалі больш за 1,7 тысяч чалавек. За два дні агульнымі намаганнямі ўдалося ўбачыць амаль 21 тысяч птушак 119 відаў «, — паведамілі ў АПБ.

Па словах спецыялістаў арганізацыі, 1 або 2 кастрычніка (можна і ў абодва дні) усе ахвотныя павінны выйсці на прыроду, адзначыць усіх птушак, якія ім сустрэнуцца. Пасля чаго неабходна вызначыць віды птушак, іх колькасць і перадаць гэтую інфармацыю ў АПБ да 16.00 у нядзелю, 2 кастрычніка.

«У 2016 годзе кампанію каардынуе BirdLife Switzerland (партнёр BirdLife у Швейцарыі). Гэтая арганізацыя выступае ў якасці Еўрапейскага цэнтра апрацоўкі восеньскіх назіранняў за птушкамі. Менавіта туды 2 кастрычніка зляцяцца рэгістрацыі птушак з усіх куткоў Еўропы. Сёлета мы прапануем рабіць фотаздымкі, як праходзяць вашы птушыныя выхадныя, і пазначаць іх хэштэгам #ebw_apb. Аўтары самых крэатыўных фота атрымаюць новыя паштоўкі і значкі ад АПБ», — падкрэслілі ў арганізацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0