Беларускамоўны брэнд «Цудоўная цукерня» атрымаў срэбра на міжнародным конкурсе Pentawards.
pentawards.org
Pentawards — прэстыжны міжнародны конкурс, прысвечаны дызайну ўпакоўкі. Сёлета ў чэрвені «Цудоўная цукерня» была намінаваная ў катэгорыі Food - Pastry, biscuits, ice-cream, desserts, honey, sugar (Ежа - Кандытарскія вырабы, печыва, марозіва, дэсерты, мёд, цукар).
Вынікі Pentawards-2016 былі абвешчаныя 23 верасня ў Шанхаі. «Цудоўная цукерня» у сваёй катэгорыі атрымала ганаровае другое месца.
«Цудоўная цукерня» — першы брэнд з Беларусі, які ўвайшоў у лік пераможцаў Pentawards з рэальнай упакоўкай, а не з канцэптам. Больш за тое, упершыню за дзесяцігадовую гісторыю конкурсу ўзнагароду атрымаў беларускамоўны брэнд.
Гандлёвую марку «Цудоўная цукерня» распрацавала студыя Fabula Branding для Скідзельскага цукровага камбіната.