Сёньня ў Мадрыдзе беларускія дзяўчаты абыгралі зборную Бразыліі 86:79.

Мала хто верыў у перамогу над бразыльянкамі, відаць, апроч саміх нашых дзяўчат. Думалася, што беларускі будуць змагацца за пятую пуцёўку ў міні-турніры няўдачнікаў чвэрцьфіналаў.

Але беларускі зьдзейсьнілі самы сапраўдны цуд. У сярэдзіне трэцяй чвэрці вялі +13, потым растрацілі перавагу, пад канец асноўнага часу саступалі, але сабраліся і перавялі гульню ў овэртайм – 72:72.

Ну а дадатковы час выйгралі ўпэўнена: выніковы лік 86:79. Судзьдзі былі на баку бразыяльянак, якія, дарэчы, маюць чацьвертае месца ў сусьветным рэйтынгу.

Які там футбол – паралельна ішоў матч Галяндыя – Францыя. Ад баскетболу немагчыма было адарвацца.

Найлепшымі ў зборнай сёньня сталі Натальля Марчанка, Насьця Верамеенка і Тацяна Троіна.

А вось усе нашыя гераіні, што паехалі ў Мадрыд:

Натальля Ануфрыенка, Сьвятлана Вольная, Натальля Марчанка, Вольга Масілёнене, Алена Новікава, Вольга Падабед, Тацяна Ліхтаровіч, Кацярына Сныціна, Тацяна Троіна, Натальля Трафімава, Насьця Верамеенка, Вікторыя Гасьпер, Марына Крэс, Алена Леўчанка.

Трэнер Анатоль Буяльскі.

* * *

На форуме Прессбола ужо пачынаецца кампанія, каб сустрэць дзяўчат у Нацыянальным аэрапорце і выслаць ім дарожку з ружаў. І праўда, яны гэтага заслужылі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?