Акцыя па зборы подпісаў за бел-чырвоны-белы сцяг праходзіць у суботу ў цэнтры Мінска, нягледзячы на затрыманне арганізатараў, паведамляюць апазіцыйныя актывісты ў сацсетках. У ліку тых, каму ўдалося прыняць удзел у акцыі, — паэт і палітык Уладзімір Някляеў, мастак Алесь Марачкін, пісьменнік Уладзімір Арлоў.

Сёння грамадскае аб`яднанне «Малады фронт» планавала правесці пікет у цэнтры Мінска каля магазіна «Цэнтральны». Актывісты мелі намер збіраць подпісы пад зваротам у Міністэрства культуры за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Акцыя павінна была пачацца ў 11 гадзін і, паводле задумы яго арганізатараў, працягнуцца да 20 гадзін.

Аднак за некалькі гадзін да акцыі ў раёне Камароўскага рынку быў затрыманы адзін з лідараў Зміцер Дашкевіч. Яго зацягнулі ў мікрааўтобус, за якім ехала міліцэйская машына, паведаміла яго жонка Наста Дашкевіч.

«Увесь двор абложаны людзьмі ў цывільным. На выездзе з двара стаяць даішныя машыны, якія спыняюць ўсе машыны, што выязджаюць ад мяне, пытаюцца хто і што, перадаюць па рацыі і прапускаюць… Прыехаў мой тата, сказаў, што вакол куча міліцыі, сініх бусаў без нумароў. Тут нейкі армагедон ў іх», — паведаміла Наста Дашкевіч на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

Паводле яе слоў, па тэлефоне ў Савецкім РАУС сказалі, што Зміцера Дашкевіча ў іх няма.

Пазней таксама стала вядома пра затрыманне яшчэ аднаго актывіста — Сяргея Пальчэўскага.

Дзе цяпер знаходзяцца Дашкевіч і Пальчэўскі, невядома.

Варта адзначыць, што сёння ў Мінску праходзіць закрыццё мотасезона Harley Davidson H.O.G. Rally Minsk. У мерапрыемстве ўдзельнічае і Аляксандр Лукашэнка, які ўжо прайшоў на чале калоны матацыклістаў па праспекце Незалежнасці да Палаца спорту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?