Вельмі цікавая праблема ў паразуменьні між т.зв. палітычнай «вярхушкай» і «нізамі» высьветлілася ў апошнія дні.

І раней было вядома, што шмат людзей падазрона ставяцца да інфармацыі, якая распаўсюджваецца «клясычнымі» крыніцамі палітычнай інфармацыі - штаб, Радыё «Свабода», Хартыя-97 і г.д. Падазрона ня ў сэнсе таго, што ім ня вераць - а ў тым сэнсе, што большасьць інфармацыі там ідзе ў адпаведнасьці з патрэбамі т.зв. «структурнай апазыцыяй», усё гэта ўважліва прачытваецца «спэцыяльнымі» людзьмі, і г.д..

Праблема зьявілася ў дачыненьні да так званых палітычных флэшмобаў.

Для пачатку караценькі экскурс. Першы добравядомы палітычны флэшмоб гэтай вясны - чытаньне і выкіданьне «СБ» (Паведамленьне «Свабоды»). Інфармацыя пра яго распаўсюджвалася праз мэсэнджэры (ICQ) і SMS; удзельнікаў было каля 50, а міліцыі не было наагул. Ужо на наступны дзень была створаная суполка «Общественный флэш-моб. Беларусь», у якой звычайныя блогеры абмяркоўвалі ідэі новых флэшмобаў. Праз гэтую суполку было зарганізавана болей за дзясятак флэшмобаў, прычым спачатку яны праходзілі без умяшальніцтва ўладаў, потым на флэшмобах сталі зьяўляцца людзі з камэрамі, а апошнія тыдзень-два - на флэшмобах сталі масава браць удзельнікаў (праўда, іх толькі перапісваюць, а не саджаюць). На сёньняшнім флэшмобе, прысьвечаным Дню Перамогі, таксама ўзялі ўсіх.

А вось і ўласна праблема. Днямі штаб Мілінкевіча распаўсюдзіў заяву, у якой абвясьціў пра стварэньне флэшмоб-цэнтра на базе руху «За свабоду», і прадэкляраваў фактычнае падчыненьне ўсіх суполак, аўтараў, удзельнікаў і арганізатараў флэшмобаў гэтаму цэнтру. У адказ на гэта падняўся моцны шум. Думкі розныя, але істотна, што вялікая колькасьць удзельнікаў - супраць любой «каардынацыі» з партыйных структураў. Найчасьцей паўтараюць аргумэнты такога пляну:

  • штаб падмазваецца, каб атрымаць галачкі на Захадзе;
  • будуць праблемы, бо мэнты і гб ня змогуць прапускаць акцыі, зыходзячыя ад штабу;
  • у вачах народа мобы маргіналізуюцца і іх будуць зваць «апазыцыйнымі», тады як зараз яны - народныя;
  • удзельнічаць будуць толькі т.зв. «актывісты», а апалітычныя людзі сыйдуць.

і г.д.

Я асабіста магу заўважыць, што гэтай вясной упершыню за апошнія дзесяць год у Беларусі зьявілася сапраўдная пазасыстэмная апазыцыя, сапраўдны народны супраціў. Пакуль яшчэ слабавата, але раней і такога ніколі не было; раней увесь супраціў быў кіраваны выключна партыямі і палітычнымі арганізацыямі. Зьяўленьне флэшмобаў, незалежных ад штабаў, было выразнай часткай народнага супраціву. І я лічу абсалютна немэтазгодным спыненьне гэтай моцнай ініцыятывы «зьнізу». Сам Мілінкевіч заяўляў у інтэрвію, што ён усьцешаны самаарганізацыяй людзей, і падтрымлівае яе; тады як ягоны штаб імкнецца ўсю самаарганізацыю падпарадкаваць сабе.

BM, TOL

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0