Сёньня адбыўся Сойм Партыі БНФ. На парадку дня стаяла пытаньне аб выключэньні з партыі намесьніка старшыні Алеся Міхалевіча. Прычынай стала інтэрвію «Салідарнасьці», якое палітык даў 11 траўня. Сам А. Міхалевіч яшчэ перад пачаткам Сойму лічыў, што гэтае пытаньне нават ня будзе ўздымацца. Аднак яго разгляд ініцыявалі старшыня камісіі ўнутрыпартыйнага кантролю Юры Хадыка і Пётра Садоўскі. У часе галасаваньня за выключэньне А. Міхалевіча з Партыі БНФ прагаласавалі 24 чалавекі, супраць — 19. Чатыры бюлетэні прызнаныя несапраўднымі.

Адзін зь сяброў Сойму ў знак пратэсту дэманстратыўна сапсаваў бюлетэнь і адмовіўся галасаваць.

Алесь Міхалевіч адмовіўся камэнтаваць рашэньне Сойму. «Я ўступіў у партыю ў 1993 годзе, калі мне споўнілася 18 год, таму мне цяжка камэнтаваць», — заявіў палітык, адказваючы на пытаньне БелаПАН.

Ales Michalevic. Photo by Hleb Labadzienka
Алесь Міхалевіч процістаяў старэйшаму пакаленьню лідэраў Партыі БНФ.

* * *

Камэнтар старшыні партыі Лявона Баршчэўскага з сайту партыі

У сьнежні 2007 г. 211 з 232-х дэлегатаў апошняга зьезду Партыі БНФ прагаласавала за мяне як старшыню партыі пры адной-адзінай умове: я зраблю яснай сытуацыю ў партыі, і яна будзе працаваць паводле сваіх уласных, прынятых праз дэмакратычныя працэдуры рашэньняў. На жаль, частка людзей не зразумела, што партыйная праца – гэта не гульня, што партыя – не кантора кліентаў, а арганізацыя, якая рэалізуе супольна вызначаныя палітычныя мэты.

На сёньняшнім паседжаньні Сойму Партыі БНФ давялося прыняць няпростае, але абсалютна неабходнае рашэньне – выключыць з шэрагаў партыі аднаго з намесьнікаў старшыні сп. Аляксея Міхалевіча.

Такое рашэньне насьпявала даўно. Сп. Міхалевіч адмовіўся выконваць ужо прынятыя рашэньні Сойму партыі. Але тое, што партыяй прынята, павінна выконвацца – іначай надыходзіць паралюш, немагчымасьць нічога рабіць. Сп. Міхалевіч нават адмовіўся азнаёміцца з загадам старшыні партыі аб функцыянальных абавязках намесьнікаў старшыні. Як у такой сытуацыі супрацоўнічаць зь ім – цяжка ўявіць. Ён перайшоў да публікацыі абразьлівых, скіраваных на асобы выказваньняў пад адрасам іншых кіраўнікоў Партыі БНФ. Я спрабаваў па-добраму пераканаць яго гэтак не рабіць. Але мае спробы заключыць міравое пагадненьне выніку ня мелі.

Для палітычнай арганізацыі такія зьявы недапушчальныя. Таму большасьцю сяброў Сойму на прапанову маю і Камісіі партыйнага кантролю таемным галасаваньнем было вырашана выключыць яго з Партыі БНФ. А. Міхалевіч застаўся выконваць абавязкі намесьніка старшыні грамадзкага аб’яднаньня БНФ «Адраджэньне» і мае права апэляваць да Зьезду партыі наконт узнаўленьня яго ў шэрагах Партыі БНФ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?