24-гадовую ўраджэнку Віцебска вінавацяць у кантрабандзе асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва і намеры на яго збыт. Паводле наяўнай інфармацыі, забароненыя рэчывы знаходзіліся ў багажы Дар'і Б., які затрымаўся ў шляху і прыляцеў з Турэцкай Рэспублікі Паўночны Кіпр ў Нацыянальны аэрапорт Мінск.

Пра гэта распавёў старшы памочнік Мінскага транспартнага пракурора Максім Ісін.

Па прыбыцці валізкі яе праверылі ў зоне мытнага кантролю. Спачатку спецыяльна навучаны сабака пачуў унутры наркотыкі. А падчас агляду змесціва багажу ў адной са шкарпэтак знайшлі скрутак, а ў ім — паўтары таблеткі блакітнага колеру. У іх складзе, як паказала экспертыза, змяшчаецца асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва, якое не выкарыстоўваецца ў медыцынскіх мэтах і вядомае як экстазі.

Падарожніцу затрымалі. Адразу яна патлумачыла, што таблеткі атрымала ад знаёмага ў начным клубе, а пасля паклала іх у чамадан, схаваўшы ў шкарпэтку. Аднак ужо на наступны дзень падазраваная заявіла пра сваю недатычнасць да злачынстваў, адзначыўшы, што не ведала пра знаходжанне ў багажы забароненых рэчываў. Сказала, што іх ёй у Турцыі падкінулі нядобразычліўцы. Пасля наогул адмовілася даваць паказанні.

На судзе беларуска часткова прызнала сваю віну. А вось з нагоды збыту экстазі пазіцыя Б. заставалася нязменнай: маўляў, нікога частаваць не збіралася. Будучы за мяжой, яна звязвалася з сяброўкай з дапамогай мабільных праграм. І ў ходзе размовы яны абмяркоўвалі таблеткі. Са слоў абвінавачанай, размовы аб прыёме таблетак трэба разглядаць у кантэксце ўжывання не забароненых рэчываў, а супакойваючага для барацьбы з дэпрэсіяй, хоць у перапісцы дзяўчат эфект расслабленасці ад прыёму прэпарата апісваўся няйначай як «прыход» і «палятаем». Дар'я таксама паведамляла прыяцельцы: «Палову табе занычкарыла». Зрэшты, сяброўка таксама настойвала на тым, што абмяркоўвалася менавіта лекавае ўздзеянне таблетак. А якія яны, нібыта ведаць не ведала.

Таксама быў выяўлены факт гутаркі абвінавачанай з яшчэ адной яе знаёмай. Першая па тэлефоне падзялілася з другой тым, што ў затрыманым чамадане паўтары таблеткі экстазі і што яна іх прыхавала.

У выніку суд прызнаў Дар'ю вінаватай у перамяшчэнні праз мытную мяжу Беларусі, учыненым з утойваннем ад мытнага кантролю і звязаным з недэклараваннем, а таксама ў незаконных з мэтай збыту набыцці і перавозцы асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў. Дзяўчына прысуджаная да 12 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму без канфіскацыі маёмасці. Прысуд набыў законную моц.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?