Расколіна на шыбе, бампер з аблезлай фарбай, заўважная іржа на кузаве або моцныя выхлапныя газы — гэта і шэраг іншых недахопаў у машыне можа стаць прычынай, па якой вас не прапусцяць на тэрыторыю Еўрапейскага Саюза.
Менавіта з-за дрэннага стану аўтамабіля ў суботу, 24 верасня, у пункце пропуску «Кузніца» не прапусцілі ў Польшчу беларуса на яго легкавой машыне «Сітраен».
І хоць гэта не першы выпадак падобных «разваротаў» на мяжы, але, дзякуючы сваім багатым ведам лаянкавых слоў, прадэманстраваным у прысутнасці польскага супрацоўніка, беларус трапіў у гісторыю крымінальных зводак памежнай службы.
За абразы беларусу пагражае крымінальнае пакаранне ў выглядзе штрафу або нават пазбаўленне волі на тэрмін да 1 года. Але яшчэ больш непрыемнае пакаранне, не названае ў польскім крымінальным кодэксе, аднак якое ўжываецца ў адносінах да асобаў, прыцягнутых да адказнасці, — гэта ануляванне візы з наступнай забаронай наведвання краін Шэнгена на некалькі гадоў.