28 верасня мусіў адбыцца разгляд справы дырэктара запраўкі United Company пад Стоўбцамі Віталя Кулака.

Як паведамляў Глеб Лабадзенка, калі ў кавярні на запраўцы ён папрасіў пераключыць канал «Россия-24», супрацоўнікі адмовіліся гэта рабіць, бо ёсць загад дырэктара паказваць менавіта яго.

Пазней высветлілася, што ў Беларусі канал «Россия-24» трансляваць увогуле нельга, бо яго няма сярод 209 замежных каналаў, дазволеных для распаўсюду на тэрыторыі краіны.

У адносінах да дырэктара запраўкі Віталя Кулака склалі адміністрацыйны пратакол па другой частцы артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях «Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі» і накіравалі ў суд Стаўбцоўскага раёна для разгляду. Віталю Кулаку пагражае штраф ад 20 да 50 базавых велічыняў (ад 420 рублёў да 1050 рублёў). 

Суд мусіў адбыцца 28 верасня. Аднак Глебу Лабадзенку, які прыехаў, каб прысутнічаць на разглядзе, паведамілі, што суда не будзе, паколькі складзены пратакол адправілі на дапрацоўку. Днём раней Глеб тэлефанаваў сакратарцы суда, і тады яшчэ разгляд планавалі правесці.

«Паўстае пытанне: як даведацца пра вынік? — кажа Глеб Лабадзенка. — Таму што калі адбудзецца суд — невядома. Я праходжу па справе як сведка, але суд мае права мяне не выклікаць. Для мяне важна не колькі штрафу дадуць дырэктару запраўкі, а каб быў прэцэдэнт. Тады будзе навука іншым. Незалежна ад вынікаў суда, адкрыўся важны прававы момант: паказваць канал «Россия-24» у публічнай прасторы ў Беларусі забаронена. І адзін вынік: цяпер гэты канал на запраўцы выключаны. Гэта часткова тое, чаго я дабіваўся».

Нядаўна наведнікі запраўкі паведамлялі, што на запраўцы ідзе «Europa+». Цяпер тэлевізар увогуле выключаны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?