Зборная Турцыі ў надзвычай драматычным матчы, што прайшоў у Жэневе, атрымала валявую перамогу над зборнай Чэхіі (3:2) і выйшла ў чвэрцьфінал чэмпіянату Эўропы.

І гэта пры тым, што да 75-й хвіліне падапечныя Фаціха Тэрыма гарэлі зь лікам 0:2. На 34-й хвіліне першы гол у матчы забіў Ян Колер.

На другі тайм турэцкія футбалісты выйшлі з жаданьнем адыграцца і зрабілі дзеля гэтага некалькі набегаў на славян, ну проста як іх прадзеды колькі стагодзьдзяў таму.

На 61-й хвіліне чэхі, як ім здавалася, паставілі кропку ў гульні. Гол на рахунку Яраслава Плашыла.

Але туркі пад акампанэмэнт моцнага дажджу толькі пачасьцілі атакі на вароты Пэтэра Чэха. На 76-й хвіліне Арда Туран размачыў лік у гульні, а праз дзесяць хвілін сапраўдным героем матчу стаў форвард "Вільярэалу" Ніхат Кахвэджы.

На 87-й хвіліне П. Чэх пасьля навесу ў штрафную выпусьціў мяч з рук, і Ніхат зрэагаваў на дабіваньні. А яшчэ праз хвіліну ён жа прыгожым з вугла штрафной паслаў мяч пад бэльку чэскіх варот – 3:2.

На другой дададзенай хвіліне за грубую гульню ў сваёй штрафной быў выдалены з поля галкіпэр Валкан Дэмірэль, і паколькі ўсе замены былі выкарыстаныя, месца ў варотах заняў палявы гулец – Тунджай Шанлі. Але чэхі ня здолелі нават правесьці талковую атаку

Турцыя ў чвэрцьфінале.

У другім сёньняшнім матчы швайцарцы ў паядынку, што ўжо нічога ня значыў, перамаглі партугальцаў 2:0.

Цікава, што і тут бяз турак не абышлося. Два галы на рахунку гульца гаспадароў турэцкага паходжаньня Хакана Якіна.

Выніковае становішча: Партугалія – 6, Турцыя – 6, Чэхія – 3, Швайцарыя – 3.

Такім чынам ў пятніцу ў другім чвэрцьфінале зборная Турцыі згуляе са зборнай Харватыі, якая ў сваёй групе заняла першае месца.

Хто ж стане супернікам зборнай Партугаліі, вызначыцца ўжо сёньня, ў панядзелак, калі будуць згуляныя матчы ў групе "В" (Харватыя – 6, Нямеччына – 3, Аўстрыя і Польшча – па 1):

Харватыя – Польшча, Нямеччына – Аўстрыя. Пачатак а 21:45.

Працэнтаў на 90, што ў наступны раўнд трапяць немцы, але ж здараюцца і цуды ў жыцьці, як сёньня, калі туркі за 15 хвілін забілі тры мячы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?