Суд Бабруйскага раёна і Бабруйска 28 верасня прызнаў 50-гадовага бабруйчаніна вінаватым у незаконным набыцці, захоўванні і збыце наркатычных сродкаў і прыгаварыў яго да 25 гадоў пазбаўлення волі.

Як паведамілі ў аддзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС Магілёўскага аблвыканкама, восенню 2015 года супрацоўнікі міліцыі затрымалі жыхара Бабруйска, які падазраецца ў збыце асабліва небяспечнага наркатычнага сродку метадон, спажыванне якога пацягнула смерць двух мужчын 1988 і 1979 года нараджэння. Іх трупы былі знойдзены двума месяцамі раней у Глуску.

«Таксама аператыўнікі мелі інфармацыю пра тое, што вострае атручэнне метадонам, набытым у таго ж збытчыка ў Бабруйску, магло стаць прычынай смерці яшчэ двух грамадзян, мужчыны і жанчыны 1980 года нараджэння, у Слуцку Мінскай вобласці ў чэрвені 2015 года. Усе чацвёра былі жыхарамі Салігорска», — адзначыў начальнік упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі УУС Магілёўскага аблвыканкама Уладзіслаў Кавалёў.

Суд прызнаў бабруйчаніна вінаватым па ч. 3 і 5 арт. 328 Крымінальнага кодэкса (незаконны абарот наркотыкаў). Яму прызначана пакаранне ў выглядзе 25 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі асаблівага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Прысуд законную моц яшчэ не набыў і можа быць абскарджаны ва ўстаноўленым парадку. Асуджаны знаходзіцца пад вартай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?