З трэцяй спробы на аўкцыёне прададзены комплекс будынкаў і збудаванняў камбіната харчовых прадуктаў па вуліцы Чурыліна, 15. Новым уласнікам прадпрыемства стаў уладальнік расійскай кававай кампаніі «Вакол свету» Сяргей Сакалоў. Ён набыў маёмасны комплекс за 7 мільёнаў 953 тысячы 118 рублёў 05 капеек дэнамінаваных рублёў.

Гэта былі трэція — і самыя паспяховыя таргі па продажы маёмасці камбіната харчовых прадуктаў. Першыя два аўкцыёны былі безвыніковымі праз адсутнасць прэтэндэнтаў. Стартавы кошт будынкаў і збудаванняў па вуліцы Чурыліна на першым аўкцыёне склаў 10 мільёнаў 300 тысяч рублёў. Другі аўкцыён прайшоў з паніжэннем цаны на 9,5%, трэці — да 7 мільёнаў 577 тысяч 255 рублёў 29 капеек. Адзіным прэтэндэнтам на куплю маёмаснага комплексу камбіната харчовых прадуктаў на трэціх таргах стаў расійскі бізнэсмен.

— Паводле беларускага заканадаўства, — тлумачыць сітуацыю крызісны кіраўнік камбіната харчовых прадуктаў Ігар Талашкевіч, — адзінаму прэтэндэнту, які заявіў аб набыцці прадпрыемства, лот аддаецца за пачатковую цану плюс 5%.

Такім чынам, выніковая сума ўгоды склала 7 мільёнаў 953 тысячы 118 рублёў 05 капеек.

Амаль на 5 гектарах зямлі на вуліцы Чурыліна размяшчаюцца сокавая вытворчасць, кавярня і цэх пладова-ягадных вінаў. Зараз гэта прыватнае прадпрыемства будзе называцца так — Баранавіцкі камбінат харчовых прадуктаў і канцэнтратаў.

— Новы ўладальнік мае намер захаваць вытворчую дзейнасць камбіната, — распавядае Ігар Талашкевіч. — Але вытворчасцю віна ён займацца не будзе. У першую чаргу Сяргей Яўгенавіч Сакалоў мае намер развіваць кававую вытворчасць. Інтэнсіўна займаецца пошукам варыянтаў для загрузкі сокавага ўчастка.

Сродкі, атрыманыя ад продажу маёмаснага комплексу на Чурыліна, 15 будуць накіраваныя на пагашэнне існуючых даўгоў камбіната харчовых прадуктаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?