Фільм славутага рэжысёра Анджэя Вайды «Павідокі» («Powidoki») стаў польскім кандыдатам на «Оскар», як найлепшы неангламоўны фільм, паведамляе «Газета Выборча». Стужка расказвае пра складаны лёс аднаго з самых вядомых сучасных мастакоў і тэарэтыкаў мастацтва Уладзіслава Страмінскага. У галоўнай ролі — зорка польскага кінематографа Багуслаў Лінда.

Багуслаў Лінда. Фота Anna Wloch/Aksan Studio

Багуслаў Лінда. Фота Anna Wloch/Aksan Studio

Такое рашэнне прыняла нацыянальная Камісія па «Оскары» і Польскі інстытут кінамастацтва.

Сусветная прэм’ера фільма адбылася 10 верасня на міжнародным кінафестывалі ў Таронта ў секцыі «Майстры». У кастрычніку новы фільм пакажуць на фестывалі ў Рыме, Рыа і карэйскім Бусане.

Два перыяды жыцця Страмінскага звязаныя з Вілейкай, дзе ён жыў і працаваў.

Уладзіслаў Страмінскі быў адным з лідараў міжваеннага авангарднага мастацтва ў Польшчы, стваральнікам тэорыі Унізму, тэарэтыкам мастацтва, выкладчыкам. Разам з жонкай Кацярынай Кобра і іншымі паплечнікамі арганізаваў калекцыю сучаснага мастацтва, у якую свае творы дасылалі самыя значныя мастакі Еўропы таго часу.

Страмінскі і Вілейка

Два складаныя перыяды яго жыцця звязаныя з нашай Вілейкай. Ураджэнец Мінска, інвалід Першай сусветнай вайны, які страціў на фронце руку, нагу, вока, выкладаў у 1923-24 гадах мастацтва ў вілейскай гімназіі імя Сянкевіча. Сюды ж вяртаецца ён з Лодзі са сваім каханнем — жонкай Кацярынай і дачушкай Нікай у самым пачатку Другой сусветнай вайны 10 верасня 1939 года. Тут з’яўляецца першы з ваенных цыклаў малюнкаў мастака «Заходняя Беларусь».

Ніка згадвае, як мама вазіла траскучымі маразамі аднаногага бацьку ў саначках на ўрокі ў гімназію, пра іншыя складанасці жыцця:

«Мы жылі ў прымітыўных умовах. Каб справіць фізіялагічныя патрэбы ці прынесці вады, трэба было хадзіць на двор. У пакоі бліжэй да кухоннай пліты, адным бокам амаль дакранаючыся да ўваходу, стаяў мой дзіцячы ложачак.

Далей пасцель маёй мамы, а пры сцяне, насупраць дзвярэй, што вядуць у сені, ложак бацькі. Прыткнуты да яго кульгавы стол даўжэйшым бокам кранаўся акна. Менавіта тут, адвярнуўшыся ад пакоя, сядзеў бацька, пакрываючы аркушы паперы нейкімі незразумелымі мне рысункамі. Такім чынам і паўстаў цыкл «Заходняя Беларусь».

Напэўна, за гэтым самым сталом бацька таксама займаўся праектаваннем дэкарацый, пра якія пазней напісаў паэт і дыпламат Юльян Пшыбась: «…ён адзін у тым найгоршым для мастацтва часе мог даць прыклад жывапісу, які патрэбны быў прапагандзе. Пісьменнік Ежы Путрамант, які ў той час таксама жыў і працаваў у Вілейцы, згадвае ў сваім «Паўстагоддзі», як Страмінскі ператварыў на свята 1 мая 1940 года беднае шэрае мястэчка Вілейку ў каляровую феерыю, у тэатр прасторавых жывапісных кампазіцый. Бо тады ўлады развязалі яму рукі ў аздабленні горада». 

І ўсё ж у 1940 годзе сям’я Страмінскіх зноў мяняе месца жыхарства, вяртаючыся ў Лодзь.

Фільм «Павідокі»

Фільм расказвае аб паваенным часе, калі Страмінскі і Кобра ўжо не былі разам. Калі авангарднае мастацтва трапляе ў няміласць да польскіх сацыялістычных улад, якія пераследавалі Страмінскага да апошніх дзён у 1952 годзе. У ролі Нікі выступае маладая польская актрыса Браніслава Замахоўская.

На экраны польскіх кінатэатраў гэта карціна выйдзе 13 студзеня 2017 года.

Што такое «Павідокі»?

Павідокі (Powidoki), літаральна «паслявобраз», вобраз, які застаецца ў вачах. Успомніце дзіцячую забаву глядзець на сонца і плямы, што вы бачылі пасля гэтага перад сабой, заплюшчыўшы вочы. Упершыню гэта слова як мастацкі тэрмін увёў у абарот Страмінскі. Сэнс «паслявобразаў» можна адчуць у серыі яго карцін «Заходняя Беларусь», створанай ў Вілейцы ў 1939-40 гадах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?