Раніцай 30 верасня ў судзе Кастрычніцкага раёна Мінска пачаўся працэс па справе мінчука, які п'яным адрэзаў галаву сабаку, які належаў сыну. Парэшткі жывёлы мужчына выкінуў на лесвічную пляцоўку.

Цяпер мужчыну пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Ён знаходзіцца пад вартай.

Абвінавачанаму Аляксандру Радкевічу 55 гадоў, ён беспрацоўны. Стаіць на ўліку ў наркалагічным дыспансеры праз праблемы з алкаголем.

Ад адваката мужчына адмовіўся. Віну прызнаў цалкам.

Здарылася ўсё 25 чэрвеня. Да гэтага мужчына працяглы час быў у маці, у вёсцы пад Мінскам. У мінскай кватэры жыла жонка з паўнагадовым сынам, яго жонкай і двума іх малымі дзецьмі. З жонкай часта размаўлялі па тэлефоне. Так Радкевіч і даведаўся, што ў хаце з’явіўся шчанюк: «Жонка патэлефанавала, сказала, што сын прывёз сабаку. Я абурыўся».

У той дзень Радкевіч прыехаў у Мінск набыць тое-сёе па гаспадарцы. Сустрэў знаёмага, выпілі: гарэлка, піва…

Вечарам прыехаў на вуліцу Магілёўскую ў кватэру, дзе жылі жонка з сынам.

«Падзеі памятаю часткова… Калі прыехаў туды, ані жонкі, ані сына не было, — распавёў Радкевіч. — Чорна-шэры сабака… Не памятаю. Ён ляжаў у калідоры. Не хацеў я гэтага сабаку. Ды і дамова была, што аніякіх жывёлаў.

Пасля гэтага я, здаецца, пайшоў з тым сабакам на вуліцу гуляць. Не памятаю дакладна. Жонцы, здаецца, суседка казала, што бачыла, як я гуляў».

Пасля, запэўніў Радкевіч, ён выпадкова зашчаміў сабаку дзвярыма, калі вярталіся ў кватэру. Сабака пабег на кухню, у яго з рота цякла кроў.

«Я хацеў глянуць, што з ім, сабака пабег, але ўпаў — паміраць. Ну я так зразумеў. І я вырашыў… Каб не пакутаваў.

Узяў на кухні нож… звычайны кухонны. Галаву аддзяліў ад тулава… — узгадаў Радкевіч. — Хацеў выкінуць у смеццевы кантэйнер таго сабаку, але не данёс: паклаў на лесвіцы, вярнуўся па пакет у кватэру. Зайшоў і забыў пра сабаку… і там заснуў.

Як выходзіў з кватэры не памятаю. Потым зразумеў, што забыўся там ключы, вярнуўся, а там ужо жонка была і міліцыя. Мяне забралі».

Праўда, у паказаннях падчас следства Радкевіч казаў трохі іншае.

Піў ён не са знаёмым, а са старэйшым сынам у таго на кватэры. Адтуль яго выгнала нявестка, якая прыйшла дамоў.

З сабакам ён не гуляў. А хадзіў — сам — у краму яшчэ па алкаголь. А пасля ў кватэры шчанюк сустрэў яго брэхам.

«Не ведаю, што на мяне найшло, можа, таму што мяне не спыталі, а можа, таму што нядаўна рабілі рамонт… Схапіў нож і адрэзаў сабаку галаву. Я не хацеў адразаць, але моцна махнуў нажом — і галава адарвалася», — казаў раней Радкевіч.

Затым ён патэлефанаваў жонцы і сказаў, што здарылася бяда (пра сабаку, праўда, не сказаў). Пасля лёг спаць.

«Я быў супраць хатніх жывёлаў, бо нядаўна зрабілі рамонт. Ды і раней у нас быў кот, і ён гадзіў, дзе хацеў», — казаў у мінулых паказаннях мужчына.

Адрозненні ў паказаннях Аляксандр патлумачыў так: «Як у мяне пыталіся, так я і адказваў».

«У сувязі з чым усё ж адрэзалі яму галаву?» — паспрабаваў высветліць суддзя. «Ну ад злосці, напэўна…» — паціснуў плячыма Радкевіч.

Жонка Радкевіча Ірына распавяла, што гэта была маленькая яшчэ аўчарка, якую сын выпадкова падабраў.

«Казаў, што ставіў машыну, а шчанюк пад колы кінуўся. Ён яго і выратаваў…» — расказала Ірына.

Пра той вечар жанчына ўзгадвае праз слёзы:

«Муж пазваніў, сказаў, што бяда здарылася і ўсё. Я спужалася, думала, можа, з ім. Прыйшла ў кватэру, а там — лужына крыві. І муж. Муж быў моцна п’яны. Спыталася ў яго: што за кроў? Ён кажа: кроў як кроў… Я спытала: дзе сабака? Дзе Жорык? Ён адказвае: не ведаю».

А пасля прыехала нявестка, жонка старэйшага сына, якая і заўважыла рэшткі сабакі пад лесвіцай.

«Калі п’яны — ён неадэкватны. Усе вакол дрэнныя, ён толькі добры. Алкаголем злоўжывае. Толькі выйдзе на вуліцу, дык… А потым дома правы качае. Працаваць не хоча. Усё цягну я на сабе, — характарызуе мужа Ірына. — Сын яго заўсёды лаяў, каб ён не піў».

Наступнае пасяджэнне адбудзецца 7 кастрычнiка. Аляксандр пакуль застаецца пад вартай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?