Кіраўнікі міністэрстваў экалогіі краін Еўрасаюза ў сераду ўхвалілі пачатак працэдуры ратыфікацыі парыжскага пагаднення па барацьбе са змяненнем клімату, прынятага ў снежні 2015 года. Такім чынам, пагадненне ратыфікуюць краіны, адказныя за больш чым палову сусветных эмісій вуглякіслага газу.

«Гэта гістарычная падзея», — заявіла журналістам міністр экалогіі Францыі Сегален Руаяль пасля заканчэння пасяджэння калегіі міністраў у Бруселі. «Тое, што раней здавалася камусьці немагчымым, стала рэальнасцю», — напісаў у твітары старшыня Еўрапейскай рады Дональд Туск.

Для ўступлення пагаднення ў сілу неабходная яго ратыфікацыя урадамі або парламентамі краін, адказных прынамсі за 55% сусветных эмісій вуглякіслага газу. Раней яго ратыфікавала 61 з краін-падпісантаў, але на іх долю прыпадала толькі 48% сусветных эмісій.

З завяршэннем ратыфікацыі краінамі ЕС (працэдура павінна заняць каля месяца) бар'ер у 55% будзе пераадолены.

Пагадненне было падпісанае на канферэнцыі ў Парыжы ў 2015 годзе і стала першым у гісторыі глабальным і абавязковым да выканання пагадненнем па скарачэнні выкідаў парніковых газаў.

У парыжскай канферэнцыі ўдзельнічалі прадстаўнікі 190 дзяржаў. Падпісалі дакумент 170 краін, у тым ліку Беларусь, ЗША, Кітай і Расія.

Паводле пагаднення, усе бакі абавязуюцца скараціць выкіды вуглекіслаты ў атмасферу, а таксама не дапусціць глабальнага пацяплення да 2100 года больш чым на 2 градусы па Цэльсіі.

Дакумент прадугледжвае вылучэнне да 2020 года краінам, якія развіваюцца, 100 млрд даляраў на барацьбу са шкоднымі выкідамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?