Неяк сонечным лютаўскім днём патэлефанаваў да мяне Міхал Анемпадыстаў і кажа::
— Прывітаньне, дружа.
На што я адказваю тым жа:
— Прывітаньне, дружа.
Мы зазвычай так вітаемся.
І пасьля гэтае завядзёнкі Міхал прапанаваў мне напісаць тое, што Вы цяпер чытаеце. Гаворыць, я зрабіў уступ, а ты, дружа, напішы заканчэньне. Колькі радкоў пасьля п’есы.
Я, натуральна, згадзіўся. Бо зь якой нагоды мне было адмаўляцца?
І вось сьцягнуў я з нэту Міхалаў «уступ» і гляджу, а ён напісаны аж у 1999 годзе! Дзесяць гадоў мільганулі, як адна грунтоўная пасьляканцэртавая вечарына (зь пераходам на раніцу), альбо, як цяпер прынята казаць, «after party».
За гэты час:
зьнік гурт «Крыві», зьявіліся шматлікія разнастайныя альбомы Зьмітра Вайцюшкевіча;
Вераніка Круглова амаль зусім зьехала ў Бэрлін;
N.R.M. з маладой нахабнай каманды пераўтварыўся ў чарговых мастадонтаў белроксцэны;
Слава Корань працуе праграмным дырэктарам (калі не памыляюся) Эўрапейскага Радыё для Беларусі;
там жа працуе Сяргей Ахрамовіч;
Аляксандар Памідораў — на радыё «Свабода»;
Ірына Курапаткіна даўно жыве і працуе ў Вашынгтоне, у ААН;
зьявіліся гурты «Крамбамбуля», «Зэт», «Гарадзкія» і Petepaff. Іх стварылі ўдзельнікі «Народнага альбому»;
былі запісаныя супольныя музычныя праекты «Сьвяты вечар—2000», «Я нарадзіўся тут» і нявыдадзеная «Скрыпка дрыгвы» (на вершы У.Караткевіча).
Увогуле, шмат чаго зьявілася і шмат чаго зьнікла. Усяго не прыгадаеш, дый ня трэба.
Але варта зазначыць, што «Народны альбом» стаўся адной з галоўных музычных падзеяў Беларусі канца ХХ стагодзьдзя. Ён навучыў музыкаў калектыўнай працы (і яны доўга не маглі супакоіцца, выдаючы вышэйзгаданыя супольныя праекты), ён іх распрыгоніў у сэнсе стыляў і жанраў (ад імя «Крамбамбулі» дзякую за гэта!), пазбавіў тупаватае юнацкае адданасьці вялікай ідэі рок‑н‑ролу і пераўтварыў яе ў адданасьць беларускай культуры.
Канцэрты «Народнага» не падобныя адзін да аднаго. Гэта не застылая камлыга, якую нельга зрушыць зь месца. У працэсе перадканцэртавых рэпэтыцыяў песьні перапрацоўваюцца, перааранжоўваюцца гэткім чынам, каб музыкам было цікава іх выконваць у дадзены момант, у пэўны адрэзак часу. За дзесяць гадоў праект сасьпеў, набыў новыя фарбы, тонкі водар і пасьлясмак.
Мікалай Пінігін так і не паставіў спэктаклю. Гэта зрабіў Уладзімер Колас са сваім ліцэем. Папросту на энтузіязьме ды імпэце. Шмат чаго добрага ў сьвеце робіцца дзякуючы гэтым рэчам.
Безумоўна, «Народны альбом» чакаюць наперадзе вялікія справы і зорныя часы. Стоадсоткава будуць створаныя відэа‑ і кінавэрсія гэтага праекту, ды‑джэі будуць перарабляць песьні, створыцца комікс паводле п’есы і мультфільм…
Гэта тое, што будзе. Твор, у якім, насамрэч, мой удзел — мінімальны, у асноўным пісаў Міхал, працуючы на той час у фірме, якая гандлявала фарбамі. І вось ён у рабочы час на сваім працоўным месцы займаўся не непасрэднымі абавязкамі, а стварэньнем п’есы (як перад гэтым ствараў і тэксты песень — за тым жа сталом). Я збольшага дапамог апрацаваць, давесьці да ладу, надрукаваў і — наперад! — усё, як і любы творчы прадукт, зажыло сваім жыцьцём, пайшло ў свабоднае плаваньне.
А што на астачу? Ды нічога. Зараз патэлефаную да Міхала, павітаюся: «Прывітаньне, дружа!», пачую тое самае ў адказ і скажу: «Ну што, я напісаў тое, што ты прасіў. І выслаў. Лаві пасьляп’есьсе, дружа!»
***
Серада, 18 чэрвеня.
Канцэрт‑сустрэча з нагоду выхаду кнігі «Народны альбом. П’еса».
Удзел бяруць Лявон Вольскі, Міхал Анемпадыстаў ды інш.
Менск, клюб «Графіці» (зав. Калініна, 16), пачатак а 20‑й
тэл. (8‑029) 671‑58‑65.