Педагог, згодна са статыстыкай, адна з самых распаўсюджаных прафесій у Беларусі, большую частку сярод іх складаюць школьныя настаўнікі.

Паводле інфармацыі Белстата, у краіне працуе прыблізна 8 тыс. устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, у якіх звыш 200 тыс. педагогаў забяспечваюць навучанне і выхаванне прыблізна 2 млн выхаванцаў, навучэнцаў і студэнтаў.

На пачатак года 86% настаўнікаў і кіраўнікоў школ складалі жанчыны, ва ўстановах вышэйшай адукацыі — 93%.

Сёння 93% настаўнікаў маюць вышэйшую адукацыю, больш за 76% з іх — вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю.

Аснову не вырашаных праблем у працы настаўнікаў складаюць вялікая загрузка, малыя зарплаты і, як магчымае следства гэтага, недахоп кадраў.

Паводле звестак Белстата, загружанасць настаўнікаў не зніжаецца, пры гэтым істотна адрозніваецца ў гарадской і сельскай мясцовасці.

Так, у 2015/2016 навучальным годзе на аднаго настаўніка прыпадала ў сярэднім 8 вучняў: у гарадскіх школах — 10 вучняў, у сельскіх — 5.

Праблему загружанасці настаўнікаў звыш іх асноўных абавязкаў узняў, выступаючы на Рэспубліканскім педагагічным форуме ў сталіцы 25 жніўня, старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац. У прыватнасці размова ішла аб вядзенні статыстычнай справаздачнасці. Ён заклікаў вызваліць педагогаў ад непатрэбнай працы, каб «даць ім час і магчымасць выконваць свае непасрэдныя функцыі».

У Беларусі рыхтуюць прапановы аб павелічэнні заработнай платы настаўнікам, паведаміў 27 верасня намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык. Нагадаем, у жніўні Аляксандр Лукашэнка паабяцаў павысіць настаўніцкія зарплаты пры ўмове, што ўся сістэма адукацыі будзе аптымізаваная. Таксама ён патрабаваў унесці прапановы аб стымуляванні педагогаў да пачатку навучальнага года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?