14 кастрычніка канцэртам у Маладзечне гурт «J:морс» адкрые першы за 5 год паўнавартасны тур па Беларусі. У праграме — найлепшыя песні і новы альбом «Воздух», які стаў адным з найбольш паспяховых у гісторыі гурту.

Гурт «J:морс» выдаў першы за пяць год альбом у лістападзе 2015. Калектыў ужо паспеў некалькі разоў з аншлагам прадставіць яго ў Мінску: спачатку ў лютым у Prime Hall, пасля ў ліпені на плошчы каля Ратушы, дзе, нягледзячы на даждлівы дзень, сабралося больш за 5 тысяч гледачоў. І гэта без уліку фэстаў і дзён гораду ў розных кутках Беларусі.

— Сольны канцэрт у межах тура заўсёды адрозніваецца ад выступа на фестывалі ці гарадскім свяце: ёсць магчымасць выканаць больш розныя па часе стварэння і дынаміцы песні, паказаць нешта цікавае больш падрыхтаванай аўдыторыі. Але галоўнае — сольны канцэрт заўсёды ўдвая даўжэйшы, што прыемна і для нас, і для гледачоў, — кажа лідар «J:морс» Уладзімір Пугач.

Графік тура: 14 кастрычніка — Маладзечна, 21 кастрычніка — Наваполацк, 28 кастрычніка — Гомель, 29 кастрычніка — Віцебск, 30 кастрычніка — Магілёў, 26 лістапада — Брэст, 1 снежня — Гродна, 2 снежня — Рэчыца. 

Акрамя гэтага 5 лістапада ў Палацы Рэспублікі «J:морс» і Прэзіденцкі аркестр РБ прадставяць найлепшыя песні гурту ў сімфанічных аранжыроўках у межах адмысловай праграмы «Беларускае золата». Квіткі: ад 30 да 60 руб.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0