Сямігадовая Бана Алабед апублікавала гэтую фатаграфію ў сваім «Твітары» тыдзень таму. Перад ёй ляжыць кніга, на стале сядзіць лялька. «Добрай раніцы з Алепа. Я чытаю, каб забыць пра вайну», — так падпісаная гэтая фатаграфія.

Другі па велічыні горад Сірыі Алепа расколаты няспынным кровапралітным канфліктам. Тым, хто застаўся ў горадзе і апынуўся ў пастцы паміж сіламі паўстанцаў і ўрада, даводзіцца штодня змагацца за сваё жыццё.

Бана піша свае твіты па-англійску, ёй дапамагае мама, настаўніца англійскай. Яна распавядае пра сваё жыццё ва ўсходняй частцы Алепа, якая ўтрымліваецца паўстанцамі.

На адной з фатаграфій Бана са сваімі братамі: пяцігадовым Махамедам і трохгадовым Нурам. У подпісе да фота гаворыцца: «Пакуль не прыляцелі самалёты, малюем з братамі. Нам патрэбны мір, каб маляваць».

На кароткім відэа трое дзяцей ў спальні. «Мы заўсёды будзем разам», — смяецца Бана, абдымаючы братоў.

«Бачыце, бомбы патрапілі ў суседні дом», — гаворыцца ў адным з твітаў, ён суправаджаецца няясным фота разбуранага дома.

«Бомбы могуць адабраць у мяне жыццё ў любы момант».

Расійскія і сірыйскія сілы рэгулярна бамбяць Алепа на працягу многіх тыдняў.

За апошнія некалькі дзён да акаўнта Баны @alabedbana далучыліся тысячы фаловераў. Яе мама, Фаціма, дапамагае Бане пісаць твіты.

У размове з Бі-бі-сі Фаціма кажа, што яе дачка хоча, «каб свет пачуў нашы галасы».

«Яна кажа: «Мама, чаму нам ніхто не дапамагае?»

Некаторыя яе твіты вельмі сумныя. Але Бана, якая ўжо страціла сяброў падчас бамбёжак, перажыла яшчэ больш.

«Але яна ўсё бачыла, - кажа Фаціма, - Яна бачыла, як забіваюць яе сяброў, яна бачыла, як бамбяць наш дом. Яна бачыла, як бамбілі яе школу. Усё гэта ўплывае на яе».

Але, нягледзячы ні на што, Фаціма кажа, што яе дачцэ пашанцавала. Падчас відэазванка, што ўвесь час перарываецца, Бана глядзіць на маму, якая дапамагае ёй з цяжкімі адказамі.

Яна хоча стаць настаўнікам, калі вырасце - «як мама», і спадзяецца, што зможа стаць настаўніцай англійскай — «як мама».

Яна не ходзіць у школу з мінулага года і хоча вярнуцца туды. Як і любое сямігадовае дзіця, яна хоча гуляць з сябрамі.

Сонечная батарэя дае сям'і Фацімы трохі электрычнасці, аднак з-за дрэннага інтэрнэт-злучэння і старой тэлефоннай лініі размова пастаянна перарываецца.

Фаціма кажа, што недахоп прадуктаў харчавання адчуваецца ва ўсім горадзе, у іх сям'і запасы таксама падыходзяць да канца.

Трохгадовы Нур нядаўна хварэў, яна адвяла яго ў бальніцу, але там сказалі, што ніякіх лекаў не засталося.

Нур адчувае сябе лепш — ён час ад часу перапыняў нашую гутарку, каб абняць маму.

З павелічэннем колькасці фаловераў твітэр-акаўнта Баны іх сталі вінаваціць у тым, што рахунак падроблены, а Фаціма выкарыстоўвае сваю дачку для прапаганды.

Асаблівай крытыцы падвяргаюцца твіты Баны, якія тычацца сірыйскага прэзідэнта Башара Асада і расійскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна.

Сумневу падвяргаецца і тое, што Бана добра валодае англійскай мовай.

Бацька Баны - юрыст, раней ён працаваў у юрыдычнай фірме ў горадзе, яе мама тры гады вывучала англійскую ў лінгвістычным інстытуце, таксама яна вывучала права ва ўніверсітэце.

Фаціма кажа, што займалася з Банай англійскай з тых часоў, як той споўнілася чатыры гады.

Абвінавачванні ў падмане ёй непрыемныя, яна кажа: «Усе словы ідуць з нашага сэрца, усё гэта праўда».

Яна не з'яўляецца сябрам дабрачыннай арганізацыі, яе не падтрымліваюць ніякія сірыйскія сродкі масавай інфармацыі. Але падчас навучання ва універсітэце яна прайшла курс журналістыкі і паліталогіі і ведае, як прыцягнуць да сваіх паведамленняў ўвагу.

Падчас нашага відэазванка Фаціма спытала, ці чуем мы, як ляцяць самалёты. Яна выйшла на балкон і паглядзела на неба.

«Гэты гул будзе працягвацца некалькі гадзін, - кажа яна. - Яны скідаюць бомбы без усякага жалю».

«Мы не тэрарысты. Мы не ІД, —кажа Фаціма. - Тут жывуць нявінныя людзі».

Праз гадзіну пасля заканчэння нашай размовы Фаціма апублікавала новы відэакліп. Фаціма глядзіць наперад, а Бана затыкае пальцамі вушы. Удалечыні чутны гук выбухаў.

«Я баюся, што магу памерці сёння ноччу. Бомбы заб'юць мяне», - гаворыцца ў твіце Баны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?