Менская пракуратура адмовілася распачынаць крымінальную справу адносна супрацоўнікаў ДАІ, якія, як сьцьвярджаюць чатыры заяўнікі, мінулай восеньню арганізавалі «жывы шчыт», які скончыўся страшнымі чалавечымі траўмамі. З высноваў праверкі вынікае, што кіроўцы самі ўтварылі затор на дарозе!

Нагадаем, 7 кастрычніка супрацоўнікі Дзяржаўтаінспэкцыі на Менскай акружной дарозе ў раёне цэнтру «Экспабел» спрабавалі спыніць нецьвярозага кіроўцу, які ехаў зь відавочным перавышэньнем хуткасьці (ня менш як 110 км/г) на Peugeot 605. Двох прадстаўнікоў ДАІ адміністрацыі Партызанскага раёну перасьледавалі ліхача, а яшчэ двох (ДАІ Савецкага раёну) — утварылі «жывы шчыт» з «Таўрыі», «ВАЗ‑2110», Mitsubishi Carisma і Volkswagen Caddy.

Гэты «шчыт», адрозна ад сакавіцкага на трасе Менск‑Мікашэвічі, скончыўся трагічна. Кіроўца «Таўрыі» Стас Аляксееў дастаў пералом тазабедранай косткі зь зьмяшчэньнем, адкрытую чэрапна‑мазгавую траўму, страсеньне мазгоў. Ягоная нявеста Натальля Гатоўка — закрытую чэрапна‑мазгавую траўму, страсеньне мазгоў, пералом грудзіны, выцятую рану левай галёнкі, шматлікія раны на твары і зламаны зуб.

Яўген С. ехаў на аўтамабілі Mitsubishi Carisma з жонкай і паўтарагадовым сынам. Ягоная жонка дастала пералом ключыца, у яе зьмясьціўся 9‑ты пазванок, была зламаная верхняя чвэртка грудзіны.

31 сакавіка гэтыя людзі склалі скаргу ў Генэральную пракуратуру РБ на дзеяньні супрацоўнікаў ДАІ. У ёй яны прасілі распачаць адносна прадстаўнікоў Дзяржаўтаінспэкцыі крымінальную справу.

Празь некалькі тыдняў гэтая заява была пераскіраваная ў пракуратуру Менску. І вось праз два месяцы сьледчыя вынесьлі свой вэрдыкт.

Пастанавілі адмовіць распачынаць крымінальную справу адносна інспэктараў ДПС АДАІ УУС адміністрацыі Савецкага раёну Р. Логунава і А. Марцінкевіча «праз адсутнасьць у іх дзеяньнях складу злачынства». Характэрна, што пры гэтым сьледчыя хадайнічаюць перад генэральным пракурорам, каб той падаў міністру ўнутраных справаў акт пракурорскага нагляду, «скіраваны на зьмяненьне (скасаваньне) пастановаў мэтадычных рэкамэндацый навукова‑дасьледчага цэнтру ДАІ МУС пра магчымасьць ужываньня работнікамі міліцыі ў якасьці спэцыяльнага сродку мабільнай заслоны з выкарыстаньнем вялікіх грузавых машын». Прасьцей кажучы, менская пракуратура выступіла за скасаваньне «жывых шчытоў».

Аднак для заяўнікаў, якія дагэтуль фізычна і псыхалягічна не ўзнавіліся пасьля кастрычніцкіх падзеяў на трасе, гэтае хадайніцтва значэньня ня мае. Іх засмучваюць вынікі праверкі.

— Дзіўнае было расьсьледаваньне, — распавяла «Салідарнасьці» нявольная ўдзельніца «жывога шчыта» Натальля Гатоўка. — Двох супрацоўнікаў ДАІ, якія перасьледавалі ліхача, дапытаныя не былі: выкарыстоўваліся папярэднія сьведчаньні, якія яны давалі цягам расьсьледаваньня крымінальнай справы адносна кіроўцы Peugeot 605 Алега Наркевіча. Не было сьледчага экспэрымэнту. Не дакладаліся расшыфроўкі мабільнай сувязі даішнікаў, якія нас спынялі. У сьведчаньнях апошніх назіраюцца нестыкоўкі. А інспэктар, які нас спыняў, увогуле сьцьвярджае, што не даваў такога загаду. Выходзіць, што мы самі захацелі пастаяць на дарозе, хіба нам жыць надакучыла!

Бліжэйшымі днямі заяўнікі маюць абскардзіць гэтую пастанову ў Генэральнай пракуратуры. Яны спадзяюцца на паўторную праверку, а таксама зьвяртаюцца да магчымых відавочцаў здарэньня на Менскай акружной 7 кастрычніка з просьбай выступіць сьведкамі ў гэтай справе. (Пішэце на адрас [email protected]).

— Мы лічым дадзеную пастанову незаконнай, неаб’ектыўнай і неабгрунтаванай, — пракамэнтавала сытуацыю адвакатка Вера Страмкоўская, якая прадстаўляе інтарэсы заяўнікаў. — Ня ўлічаная пазыцыя пацярпелых, іх сьведчаньні на папярэднім сьледзтве, у судзе. Не дапытаныя ўсе супрацоўнікі ДАІ, якія бралі ўдзел у затрыманьні кіроўцы Peugeot, не дасьледаваныя ўсе акалічнасьці справы. У пастанове нават няма зьвестак пра тое, як пацярпелыя апынуліся ў тым месцы. Мы мяркуем, што на гэты раз усяму будзе дадзеная аб’ектыўная ацэнка.

Тым часам пачатак разгляду крымінальнай справы адносна супрацоўнікаў ДАІ, якія ў сакавіку на трасе Менск‑Мікашэвічы затрымлівалі «жывым шчытом» п’янага кіроўцу Рамана Менцюка, прызначаны на 19 чэрвеня. Працэс пройдзе ў судзе Менскага раёну і г. Заслаўля. У якасьці абвінавачаных на ім будуць толькі двох супрацоўнікаў ДАІ Кастрычніцкага РУУС. Крымінальная справа спыненая адносна яшчэ двох з прычыны адсутнасьці ў іх дзеяньнях складу злачынства. Яны ўжо ўзяліся за работу.

«Мне зашылі паўшчакі ўнутры»

Будучая сямейная пара Стас Аляксееў і Натальля Гатоўка абое пацярпелі ў той няшчасны вечар. Хлопец і цяпер ходзіць з мыліцай. Дзяўчына — спрабуе пазбыцца шнараў на твары.

— Я ня памятаю, што было пасьля аварыі, — кажа 24‑гадовая Натальля. — Апрытомнела толькі ў бальніцы. Падчас сутыкненьня аўтамабіляў зубамі разарвала правую шчаку, так што зашылі паўшчакі ўнутры. І я, і Стас, і Аліна (жонка кіроўцы Mitsubishi Carisma. — Аўт.) пасьля гэтага ДТЗ яшчэ доўга ляжалі. Стас у бальніцы знаходзіўся. Я і Аліна — удома, пад наглядам сваякоў. Усе мы не аправіліся дагэтуль: дактары не дазваляюць Стасу хадзіць бяз мыліцы; Аліну турбуе ключыца; я спрабую пазбыцца шнараў на твары, пакутую ад галаўных боляў, пэрыядычна нямее правы бок твару.

Жаніх і нявеста Стас і Натальля хацелі пабрацца шлюбам яшчэ летась, але «жывы шчыт» зьмяніў іх пляны. Цяпер яны разьлічваюць, што зробяць гэта ў ліпені.

— Прыкра толькі, што на гэты раз вясельныя клопаты будуць пераплеценыя з чарговай пракурорскай праверкай, — падсумавала суразмоўца.

Алена Якжык, Салідарнасць

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0