Расія падазрае Беларусь у маштабным рээкспарце ўкраінскага сыру. Пра гэта гаворыцца ў аналітычнай запісцы, накіраванай расійскім Нацыянальным саюзам вытворцаў малака («Саюзмалако») у Расспажыўнагляд і Рассельгаснагляд, паведамляе рэсурс milknews.ru.
Згодна з аналізам у ліпені—жніўні Украіна паставіла на тэрыторыю Беларусі больш за 4 тыс. тон сырных прадуктаў, значная частка якіх затым магла быць адпраўлена ў Расію. Гэта меркаванне грунтуецца на тым факце, што ў Беларусі спажыванне гэтай прадукцыі не вырасла.
Як гаворыцца ў тэксце запіскі, у ходзе праведзенага параўнальнага аналізу мытнага афармлення «сырападобнай прадукцыі», вырабленай на аснове раслінных тлушчаў, было ўстаноўлена, што са студзеня па чэрвень 2016 года з Украіны ў Беларусь было экспартавана 198 тон прадукцыі.
Пачынаючы з другога паўгоддзя значна вырас экспарт такіх тавараў, якія адпраўляюцца з Украіны ў Беларусь. У ліпені было экспартавана 1546 тон, а ў жніўні — 2545.
Па наяўнай у «Cаюзмалака» інфармацыі, з тэрыторыі Беларусі ў Расію «працягвае ажыццяўляцца пастаянны і бескантрольны ўвоз сырнай прадукцыі» ўкраінскага паходжання.
Беларусь, зыходзячы з тэндэнцый папярэдніх гадоў, не ў сілах асвоіць такі каласальны аб'ём увазнога «сырападобнага прадукту» з Украіны і не павялічвала спажыванне гэтага прадукту, адзначаецца ў запісцы. Прадстаўнікі «Саюзмалака» зрабілі выснову, што «значная частка гэтага сурагатнага прадукту з дапамогай пераклейкі маркіроўкі паходжання тавару далей адпраўляецца ў Расійскую Федэрацыю, што з'яўляецца парушэннем прадпісання Расспажыўнагляду» аб забароне на ўвоз у РФ сырападобных прадуктаў вытворчасці Украіны».
Каментары