У Мінску паркоўка ў Верхнім горадзе можа падаражэць. Адпаведны праект рашэння Мінгарвыканкама праходзіць узгадненне. Пра гэта паведаміў галоўны інжынер дзяржаўнага аб'яднання «Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі» Пётр Пруднікаў.

Ён растлумачыў, што павелічэнне платы за паркоўку ў Верхнім горадзе абумоўленае ўладкаваннем там пешаходнай зоны і скарачэннем у гэтай сувязі машына-месцаў. У прыватнасці, пад пешаходную зону было прыбрана 70-80 месцаў.

У цяперашні час першая гадзіна паркоўкі каштуе 2 рублі, праектам рашэння мэрыі прапануецца павялічыць тарыф да 5 рублёў. «Такі тарыф дазволіць забяспечыць 10% вольных месцаў на паркоўцы ў Верхнім горадзе ў гадзіны пік», — сказаў галоўны інжынер. Разам з тым Пётр Пруднікаў заўважыў, што прапанова аб павышэнні тарыфу на такую велічыню яшчэ ў стадыі разгляду. «Магчыма, павелічэнне будзе на меншую суму — да 3 рублёў за гадзіну, напрыклад», — дадаў ён.

Як паведамлялася, пры рэканструкцыі парковак у Верхнім горадзе і ў сувязі з дэнамінацыяй цалкам замененыя аўтаматычныя касы па прыёме платы за паркоўку. Устаноўленыя новыя касы, якія дазваляюць прымаць плату папяровымі грашыма узору 2009 года, манетамі і банкаўскай картай. Яны выдаюць здачу манетамі і папяровымі грашыма. На перабудову аўтаматызаваных сістэм па прыёме платы за паркоўку і рэарганізацыю ўязных груп інвестар выдаткаваў больш як 50 тысяч (у дэнамінаваных рублях).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?