У Крэмневай даліне (не ў беларускай, а ў Каліфорніі) ў выніку генэтычных экспэрымэнтаў зьявіліся бактэрыі, якія вырабляюць «экалягічную нафту».

Тое, што раней здалося б навуковай фантастыкай, стала вынікам генэтычных экспэрымэнтаў, якія праводзіла прыватная навуковая кампанія LS9 з Крэмневай даліны ў ЗША. Генэтычна мадыфікаваныя мікробы харчуюцца адкідамі кшталту апілак ці саломы, а выдзяляюць «неачышчаную нафту».

Як цьвердзяць навукоўцы, іх «Нафта 2.0» будзе ня толькі экалягічна чыстай, але і карыснай у вырашэньні праблемы вуглякіслага газу — пры вырабе «Нафты 2.0» бактэрыі паглынаюць з атмасфэры больш вугляроду, чым аддаецца пасьля пры згараньні паліва.


Паліва, вырабленае генэтычна мадыфікаванымі бактэрыямі

Гэтыя карысныя мікробы — аднаклетачныя арганізмы, штам кішэчнае палачкі. Навукоўцы з LS9 адмысловым чынам мадыфікавалі іх ДНК.

«Пяць-сем гадоў таму гэты працэс заняў бы месяцы і каштаваў бы сотні тысячаў даляраў, — кажуць яны, — а цяпер гэта робіцца за некалькі тыдняў і каштуе дзесьці 20 тысяч даляраў».

Як сьцьвярджаюць навукоўцы, карыстацца генэтычна мадыфікаванымі бактэрыямі для вытворчасьці нафты — тое самае, што гнаць этылавы сьпірт з дапамогай натуральных бактэрыяў. Пры гэтым этап ачысткі «нафты» спрошчаны, і атрыманае рэчыва амаль гатовае для заліўкі ў бак.

Яраслаў Сьцешык, паводле Таймс

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0