У Еўракамісіі ёсць планы забяспечыць усе публічныя прасторы ад Лісабона да Хельсінкі бясплатным Wi-Fi у найбліжэйшыя чатыры гады. Гэтую мэту анансаваў у сваім штогадовым звароце старшыня Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер.

Таксама ён адзначыў, што да 2020 года як мінімум у адным горадзе ў кожнай краіне ЕС павінна з’явіцца мабільная сувязь стандарту 5G. А да 2025 года 5G павінен працаваць ва ўсіх гарадах і асноўных магістралях краін Еўрасаюза.

Акрамя гэтага, Еўракамісія дадаткова абяцае забяспечыць мінімальную хуткасць пампавання 100 Мбіт/с для ўсіх еўрапейскіх хатніх гаспадарак і 1 Гбіт/с для ўсіх устаноў аховы здароўя, адукацыі і дзяржаўнай службы.

Планы вельмі амбітныя, але некаторыя эксперты сумняюцца ў іх рэальнасці.

Згодна з планам Wifi4EU, Еўракамісія выдаткавала на ўкараненне бясплатнага Wi-Fi толькі 120 мільёнаў еўра. Галоўны аналітык ConnectivityX Марк Ньюмэн адзначыў, што гэта вельмі сціплая сума для праекта такога маштабу. Скептычна ён ставіцца і да разгортвання сеткі 5G.

Сам стандарт будзе распрацаваны толькі да 2018 года, а першыя камерцыйныя ліцэнзіі пачнуць выдавацца толькі ў 2019 ці 2020 годзе. Такім чынам, 5G можа з’явіцца толькі ў некалькіх бізнэс-кварталах буйных гарадоў. І карыстацца сувяззю 5G змогуць толькі гаспадары новых тэлефонаў, якія будуць падтрымліваць гэты яшчэ нераспрацаваны стандарт.

Скептыцызм экспертаў можна растлумачыць і неэфектыўнасцю Еўракамісіі ў вырашэнні іншых пытанняў у сферы тэлекамунікацый. Еўракаміссія яшчэ з 2006 года спрабуе скасаваць аплату за роўмінг. Але канчаткова роўмінг стане бясплатны для еўрапейцаў толькі ў сярэдзіне 2017 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?