Еўрасаюз гатовы даць Беларусі ўсю неабходную дапамогу для адмены смяротнага пакарання, заявіў намеснік кіраўніка прадстаўніцтва ЕС у Мінску Джым Казанс 5 кастрычніка на прэзентацыі сумеснага даклада праваабарончага цэнтра «Вясна» (пазбаўлены афіцыйнай рэгістрацыі ў 2003 годзе) і Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) «Смяротнае пакаранне ў Беларусі: забойствы на (не)законных падставах».

Сёння ў Беларусі пачаўся тыдзень супраць смяротнага пакарання, у межах якога праваабаронцы, юрысты і палітыкі абмяркоўваюць прымяненне вышэйшай меры пакарання.

«Галоўны аргумент супраць смяротнага пакарання — незваротнасць гэтага віду пакарання, — заявіў дыпламат. — Памылку могуць дапусціць міліцыянеры, пракуроры, суддзі — усе мы людзі. Але ў выпадку са смяротным пакараннем выправіць яе ўжо немагчыма».

Казанс падкрэсліў, што прымяненне вышэйшай меры пакарання не гарантуе высокую бяспеку ў краіне. «Краіны з самым нізкім узроўнем злачыннасці смяротнае пакаранне не ўжываюць, — сказаў ён. — Сёлета на адмену або ўвядзенне мараторыя пайшлі Фіджы, Мадагаскар, Конга, Сурынам, Гвінея, Манголія. Я не бачу прычын, чаму Беларусь не можа далучыцца да гэтых краін. Еўрасаюз гатовы даць усю неабходную дапамогу для гэтага».

Дыпламат удакладніў, што пытанне адмены смяротнага пакарання ў Беларусі з'яўляецца па-ранейшаму вельмі важным для ЕС, яго ўзнімаюць на ўсіх дыскусіях, калі гаворка ідзе аб правах чалавека.

«Здаецца, што беларускія ўлады гатовыя да дыскусіі. Аднак мы чакаем рэальных дзеянняў», — заявіў Казанс.

Беларусь застаецца апошняй краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе да гэтага часу прымяняецца смяротнае пакаранне. З 1991 года паводле прысудаў былі расстраляныя больш за 400 чалавек. Вядомы толькі адзін выпадак, калі асуджанага на смерць памілаваў кіраўнік дзяржавы, — пакаранне ў гэтым выпадку было замененае працяглым тэрмінам пазбаўлення волі.

На гэты момант смяротнага пакарання ў Беларусі чакаюць чацвёра зняволеных: жыхар Лідскага раёна Іван Кулеш (прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве трох жанчын, прадаўцоў крамы), жыхар Вілейкі Генадзь Якавіцкі (прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве сужыцелькі), жыхар Мінскага раёна Сяргей Хмялеўскі (прызнаны вінаватым ў жорсткім забойстве трох суседзяў), жыхар Гомеля Сяргей Вострыкаў (прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве і згвалтаванні двух жанчын-калег). Прыгаворы ў дачыненні да названых асоб ўвайшлі ў сілу і могуць быць выкананыя ў любы момант.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?