Расія спыніла супрацоўніцтва з ЗША ў навуковых даследаваннях у ядзернай і энергетычнай сферах. Адпаведная пастанова размешчаная на сайце ўрада РФ.

Getty

У адпаведнасці з дакументам, гаворка ідзе аб прыпыненні дзеяння пагаднення па супрацоўніцтве ў энергетычных і атамных даследаваннях з ЗША, падпісанага дзвюма краінамі ў 2013 годзе.

Прычынай такога кроку ва ўрадзе называюць прыпыненне амерыканскім бокам супрацоўніцтва па некаторых згаданых у пагадненні кірунках пасля таго, як у дачыненні да Расіі ўвялі санкцыі.

«У красавіку 2014 года дзяржкарпарацыяй «Расатам» быў атрыманы ліст з бюро міністэрства энергетыкі ЗША пры пасольстве ЗША ў Маскве, у якім са спасылкай на ўказанні, атрыманыя з Вашынгтона, паведамляецца аб прыпыненні супрацоўніцтва ў галіне атамнай энергетыкі ў сувязі з падзеямі ва Украіне», — гаворыцца ў пастанове.

«Рэгулярнае падаўжэнне ЗША санкцый супраць Расіі, у лік якіх уваходзіць і прыпыненне расійска-амерыканскага супрацоўніцтва ў галіне атамнай энергетыкі, патрабуе прыняцця контрзахадаў ў дачыненні да амерыканскага боку», — дадаюць ва ўрадзе.

Пры гэтым кабінет міністраў таксама паведамляе, што «за Расійскай Федэрацыяй будзе захоўвацца магчымасць аднавіць супрацоўніцтва па пагадненні, калі гэта будзе апраўдана з пункту гледжання агульнага кантэксту адносін з ЗША».

На гэтым тыдні Расія ўжо прыпыніла дзеянне двухбаковага пагаднення з ЗША па ўтылізацыі плутонію, паказаўшы ў якасці прычыны няздольнасць ЗША выканаць сваю частку ўгоды. Разам з тым Расія заявіла, што адновіць дзеянне пагаднення, калі Вашынгтон адменіць усе уведзеныя ў дачыненні да Расіі санкцыі і так званы «закон Магніцкага».

Пагадненне паміж урадамі Расіі і ЗША аб супрацоўніцтве ў навуковых даследаваннях і распрацоўках у ядзернай і энергетычнай сферах, таксама вядомае як «Пагадненне-123», падпісана ў Вене 16 верасня 2013 года Сяргеем Кірыенка, які ўзначальваў тады Расатам, і міністрам энергетыкі ЗША Эрнэстам Манізам.

Пагадненне дазваляе краінам разам працаваць над праектамі рэактараў, якія памяншаюць рызыку ядзернага распаўсюджвання. Дакумент прадугледжвае супрацоўніцтва па такіх кірунках, як вытворчасць паліва і распрацоўка яго новых відаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?