Расія не праміне выкарыстаць нядаўна перакінутыя ў Сірыю сістэмы СПА дзеля паражэння любых цэляў, якія пагражаюць сірыйскім войскам, заявіў прадстаўнік расійскага міністэрства абароны Ігар Канашэнкаў. Так у ведамстве адрэагавалі на паведамленні амерыканскіх СМІ пра магчымасць удараў кааліцыі, якую ўзначальвае ЗША, па пазіцыях сірыйскіх войскаў.

ria.ru

«У шэрагу аўтарытэтных заходніх СМІ апублікаваныя ўцечкі пра абмеркаванне ў адміністрацыі Белага дома магчымасці нанясення ракетных і паветраных удараў па пазіцыях сірыйскіх войскаў. Гісторыя паказвае, што нярэдка падобныя ўкіды аказваюцца пралогам рэальных дзеянняў», — заявіў Канашэнкаў.

Гаворка ідзе пра публікацыю газеты Washington Post, якая 4 кастрычніка са спасылкай на ананімныя крыніцы ва ўрадзе ЗША паведаміла, што ў ваенных колах ў Вашынгтоне «расце падтрымка кінетычных дзеянняў супраць [сірыйскага] рэжыму», гэта значыць новых удараў па сілах, лаяльных прэзідэнту Башару Асаду.

Канашэнкаў заявіў, што ў выпадку ўдару па пазіцыях сірыйскіх урадавых войскаў Расія задзейнічае свае сродкі СПА незалежна ад таго, хто наносіць гэты ўдар.

«У баявых разлікаў расійскіх комплексаў СПА наўрад ці будзе час на высвятленне па «прамой лініі» дакладнай праграмы палёту ракет і прыналежнасці іх носьбітаў. А ўсе ілюзіі дылетантаў пра існаванне самалётаў-«невідзімак» могуць сутыкнуцца з расчаравальнай рэальнасцю», — сказаў ён.

Два дні таму Пентагон выказаў занепакоенасць перакідкай ў Сірыю расійскіх зенітных комплексаў С-300, заявіўшы, што адзінай цэллю для іх у рэгіёне можа быць авіяцыя заходняй кааліцыі.

Ні групоўка «Ісламская дзяржава», ні групоўка «Фронт ан-Нусра», барацьбу з якімі Масква называе сваёй задачай у Сірыі, не валодаюць авіяцыяй, для барацьбы з якой прызначаныя С-300, адзначыў прэс-сакратар абароннага ведамства ЗША Пітэр Кук.

У расійскім мінабароны тады заявілі, што зенітныя комплексы прызначаныя выключна для абароны і «не ўяўляюць ніякай пагрозы» для кааліцыі. У ведамстве сцвярджалі, што зенітныя комплексы прызначаныя для абароны расійскіх сіл.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?