Ідэя гэтага матэрыялу прыйшла мне, калі я прачытаў у прэзідэнцкай газеце артыкул «Варшава і Кіеў абклалі адзін аднаго генацыдамі».

Пра рашэнне польскага Сойма прызнаць генацыдам забойствы палякаў на Валыні бандэраўцамі газета перадрукавала артыкул з… расійскага рэсурсу Утро.ру. Не з беларускага, польскага, не з украінскага ці нямецкага — з расійскага. Аўтар артыкула зло радаваўся разломам у адносінах між еўрапейскімі краінамі. Хоць Беларусі, несумненна, няма ніякай карысці ад такіх разломаў.

Іншы цыкл мяне таксама ўразіў: карэспандэнтка «Советской Белоруссіі» пабывала ў Венгрыі. Яна зрабіла там вялікія інтэрв’ю з палітыкамі. З якіх партый? З квазінацысцкага «Йобіка» і кампартыі (якая ў Венгрыі атрымлівае нават не долі працэнта галасоў, а яшчэ менш). Не з галоўнымі, мэйнстрымавымі партыямі — сацыялістамі і лібераламі, а з неанацыстамі і неакамуністамі.

Менавіта ультраправыя і ультралевыя партыі адначасова прасоўвае і фінансуе Масква, спадзеючыся такім чынам дэстабілізаваць ЕС.

Чаму ў той сама логіцы дзейнічае рэспектабельная журналістка «Советской Белоруссіі»? Супадзенне? Не думаю.

Гэта вынік успрымання свету праз расійскія акуляры. І «Йобік», і верныя ленінцы не маюць ніякіх шанцаў прыйсці да ўлады ці стаць уплывовымі ў Венгрыі Орбана. Аднак у «СБ — Беларусь сегодня» яны — са сваёй ксенафобскім ці катастрафальным апісаннем еўрапейскай рэальнасці. Такая інфармацыя пра еўрапейскую рэчаіснасць, дам такі грубы прыклад, не дапамагае прадаваць беларускія трактары. Прадукцыю ты можаш прадаць тады, калі рэалістычна ўяўляеш свае рынкі збыту. Так пра свет пішуць, калі яго трэба апісаць як свайго патэнцыйнага праціўніка.

Я вырашыў падлічыць, колькі «Советская Белоруссія» зрабіла перадрукаў з расійскіх крыніц, а колькі — з іншых.

Вось звесткі за жнівень.

З расійскіх крыніц — 30

З еўрапейскіх крыніц — 3

Я тут яшчэ не ўлічваў дадаткі — такія як «Саюз» ці тэлетыдзень. Інакш адносіна былі б яшчэ больш выразнай.

Прычым гаворка ідзе пра перыяд пацяплення ў стаўленні беларускіх уладаў да Еўропы.

Што ж за тры артыкулы з заходніх СМІ прабіліся ў «СБ» за жнівень?

Гэта кароткі артыкул аб пратаганісце вайны на Данбасе палкоўніка Гіркіна з Le Monde.

Гэта інфармацыя пра выкрыццё расійскага разведчыка-нелегала ў Іспаніі з Politico.

І, трэці, — матэрыял пра даўгалецце з Бі-Бі-Сі.

З расійскіх крыніц перадрукі ідуць практычна штодзённа. Не толькі натуральна расійскае — гісторыі жыцця Фаіны Ранеўскай ці іншых расійскіх акцёраў. Але і такія тэмы, як імкненне Шатландыі да незалежнасці ці «Прага гатовая судзіцца з ЕС».

Так, любыя спрэчкі ці праблемы ў ЕС атрымліваюць прыярытэтную ўвагу расійскіх СМІ. Для Расіі гэта стратэгія: яна імкнецца любым спосабам раскалоць і аслабіць ЕС, а ў ідэале — дабіцца яго распаду. Для Беларусі поспех такой стратэгіі меў бы катастрафічныя наступствы.

Каб дабіцца шматвектарнасці, «палёту на двух крылах», каб выйсці на сусветныя рынкі, беларусам прыйдзецца таксама павялічыць і долю інфармацыі, якую яны атрымліваюць з якасных еўрапейскіх крыніц.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?