У Беларусі да 70% дзяцей могуць мець ненармальна сфармаваную паставу, паведаміў журналістам 7 кастрычніка ў Мінску галоўны пазаштатны дзіцячы артапед-траўматолаг Міністэрства аховы здароўя, вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі наступстваў пашкоджанняў і захворванняў пазваночніка і спіннога мозгу РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Дзмітрый Цесакоў.

Паводле яго слоў, няправільна сфармаваную паставу ў свеце маюць ад 48 да 84% дарослых, і падкрэсліў, што гэта статыстыка «высокаразвітых цывілізаваных дзяржаў». Гэтыя лічбы, адзначыў спецыяліст, кажуць пра тое, наколькі людзі фізічна сочаць за сабой і наогул «фізічна культурныя».

«Адносна дзіцячага насельніцтва лічбы, на жаль, таксама не супакойваюць, — сказаў Цесакоў. — У Беларусі да 70% дзяцей з пачатковага этапу развіцця да сталага падлеткавага перыяду могуць мець ненармальна сфармаваную паставу. Таму што гэта дзеці, якія маюць адпаведных бацькоў, якія часам не з'яўляюцца станоўчым прыкладам для пераймання».

Вынік ненармальнага фармавання паставы — ненармальная эксплуатацыя пазваночніка, які зношваецца ў больш раннім узросце, растлумачыў Цесакоў. Наступствы — ювенільныя астэахандрозы, і ненармальныя астэахандрозныя праявы ў дарослым узросце. Ён адзначыў, што сёння ідзе «павальнае амаладжэнне так званага дыскагеннага радыкуліту, паяснічнага, шыйнага і г.д.», — сказаў ён.

Дэфармацыйныя паражэнні пазваночніка сёння з'яўляюцца найбольш распаўсюджанымі сярод артапедычных захворванняў. Артапедычную дэфармацыю пазваночніка той ці іншай выяўленасці маюць 5% насельніцтва планеты.

У цэлым у Беларусі сёння на 100 тыс. дзіцячага насельніцтва прыпадае прыкладна 3800—3900 дзяцей з рознымі паражэннямі касцёва-мышачнай сістэмы і парушэннямі апорна-рухальнага апарата, сказаў артапед. І штогадовы прырост, у залежнасці ад рэпрадуктыўнай актыўнасці рэгіёнаў, складае каля 1,5 дзіцяці з паталогіямі. Артапед адзначыў, што па гэтым паказчыку сярод развітых краін Еўропы і Амерыкі Беларусь знаходзіцца прыкладна пасярэдзіне.

Паражэнні касцёва-мышачнай сістэмы і парушэнні апорна-рухальнага апарату могуць быць прыроджанымі, а могуць развівацца ў працэсе росту і развіцця дзіцяці, сказаў Цесакоў. Напрыклад, як наступствы нагрузак, што траўмуюць востра або хранічна, вынік перанесеных паражэнняў, звязаных з інфекцыйным агентам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0