Уніформа, зброя, электрычныя прылады, сістэма асабістай абароны, падсумкі для нашэння боепрыпасаў і ўсяго іншага патрэбнага для бою — у сучасных арміях развітых краін комплекс індывідуальнага рыштунку для пехацінца ўвесь час удасканальваецца.
defence24.pl
З пачаткам вайны ў 2014 годзе з дапамогай валанцёраў былі радыкальна мадэрнізаваныя ўніформа і рыштунак украінскіх жаўнераў, у Расіі ўдасканальваецца сістэма «Ратнік», у Польшчы распрацоўваецца комплекс «Тытан».
Пастаўкі гэтага комплексу індывідуальнага рыштунку пачнуцца ў 2020 годзе, паведаміў шэф Інспектарату ўзбраення Мінабароны Польшчы Адам Дуда. Аднак працы па мадэрнізацыі «Тытана» будуць працягвацца і далей, дадаў ён.
Распрацоўвае складаную сістэму кансорцыум з 14 польскіх кампаній, бюджэт праекта — 120 млн злотых (больш за $30 млн), піша defence24.pl.
У выніку «Тытан» мае ўключаць:
- электронныя лічбавыя прылады выведкі і сувязі,
- модульную сістэму абароны жаўнера,
- аўтаматычную вінтоўку, падрульны гранатамёт, пісталет, камплект прыцэлаў і запасных батарэй,
- інтэграваную сістэму рыштунку і сувязі з пяхотнай бранятэхнікай і транспартнымі верталётамі,
- камп'ютарныя прылады адсочвання тактычнай сітуацыі і распазнання сваіх і чужых войскаў на полі бою.