Рассельгаснагляд увёў абмежаванні па пастаўках з сямі прадпрыемстваў Беларусі ў сувязі з «грубымі парушэннямі заканадаўства ЕўрАзЭС». Пра гэта паведаміла прэс-сакратар ведамства Юлія Мелана, піша ria.ru.

«У сувязі з названымі парушэннямі Рассельгаснагляд з 10 кастрычніка 2016 года ўводзіць часовыя абмежаванні на пастаўкі ў Расійскую Федэрацыю прадукцыі прадпрыемстваў: ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» Салігорскі філіял; «Смаргонскія малочныя прадукты» філіял ААТ «Лідскі малочна-кансервавы камбінат»; Івацэвіцкае РАЙСТ, філіял Каапнарыхтпрам (ялавічына); УП «Бярозаўскі камбінат кааператыўнай прамысловасці» (ялавічына); Дрыбінскі РАЙСТ; ТАА «БілтангФуд»; ТАА «ГурманФуд», — гаворыцца ў паведамленні ведамства.

Акрамя гэтага, Рассельгаснагляд папярэдзіў Дэпартамент ветэрынарнага і харчовага кантролю Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчовага кантролю Беларусі аб магчымым абмежаванні паставак падкантрольнай прадукцыі, у выпадку выяўлення парушэнняў пры далейшых пастаўках наступных прадпрыемстваў: ТАА «Вялес-Міт», ААТ «Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат», ПУП «БЕЛ-МОЛ» і ААТ «Бярозаўскі мясакансервавы камбінат», вытворчы цэх Баранавічы.

Так на ТАА «Вялес-Міт» 13 верасня 2016 года была выяўленая Listeriamonocytogenes ў ялавічыне астуджанай, на Глыбоцкім малочна-кансервавым камбінаце 29 верасня выяўленая неадпаведнасць тлуста-кіслотнаму складу малака згушчанага з цукрам рознай тлустасці. У гэты ж дзень у ходзе праверкі ПУП «БЕЛ-МОЛ» выяўленая неадпаведнасць эфіраў тлустых кіслот ў масле сметанковым. На «Бярозаўскім мясакансервавым камбінаце» (вытворчы цэх Баранавічы) 27 верасня выяўленая неадпаведнасць заяўленаму складу вараных каўбасных вырабаў.

Нагадаем, раней упраўленне Рассельгаснагляду па Бранскай і Смаленскай абласцях 7 кастрычніка паведаміла аб увядзенні працэдуры абавязковага надгляду транспартных сродкаў беларускіх прадпрыемстваў і гандлёва-размеркавальных складоў, да паставак якіх раней былі «сур'ёзныя нараканні».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0