У Аўстраліі эколагі сталі сведкамі незвычайнага здарэння — выратавання дарослай самкі кіта яе уласным дзіцянём. Як паведамляе BBC, інцыдэнт адбыўся ў мінулую сераду ў раёне выспы Паўночны Страдброк, прыкладна ў 100 кіламетрах ад Брысбена.

Супрацоўнікі Службы паркаў і дзікай прыроды штата Квінсленд (QPWS) заўважылі ў вадзе дарослую самку гарбатага кіта, якая захрасла на водмелі. Вакол яе плавала кіцяня, якое раз-пораз штурхала маці носам, як быццам спрабуючы дапамагчы ёй выбрацца з мелкаводдзя.

Персанал службы назіраў за намаганнямі кітоў на працягу прыкладна 40 хвілін. Спецыялісты разлічвалі, што прылівы дапамогуць самцы вызваліцца без дапамогі людзей. У адваротным выпадку яны былі гатовыя ўмяшацца і правесці выратавальную аперацыю. На шчасце, гэта не спатрэбілася.

«Самка змагла вызваліцца і сплыла разам з дзіцянём», — распавёў журналістам прадстаўнік QPWS. Ён таксама адзначыў, што яна выглядала «крыху стомленай і засмучанай».

BBC адзначае, што кіты часта з'яўляюцца ля ўзбярэжжа Квінсленда ў гэты час года. Тут яны нараджаюць і вырошчваюць дзіцянят, пасля чаго мігруюць у антарктычныя вады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0