«Газпром» агучыў новую цану. Да канца году сярэдняя цана можа перавысіць $400 за тысячу кубамэтраў. Экспэрты не выключаюць, што цана для Беларусі таксама можа вырасьці.

Сярэдняя экспартная цана расейскага газу для эўрапейскіх спажыўцоў ужо ў 2008 г. складзе $401‑402 за тыс. кубамэтраў, перадае словы намесьніка старшыні праўленьня «Газпрому» Аляксандра Мядзьведзева Gazeta.ru. Першапачаткова «Газпром» прагназаваў на гэты год іншую цану ‑‑ $310. Аднак, паводле новых прагнозаў манаполіі, цана газу параўнальна зь мінулым годам вырасьце на 47%, а цана на нафту маркі Brent вырасла за паўгода ўжо на 45%.

Экспэрты не выключаюць, што такую ж цану «Газпром» выставіць і Украіне. Цікава тое, што гэтую сытуацыю камэнтуюць палітолягі, а не эканамісты. Экспэрт Цэнтра палітычнай каньюнктуры Дзьмітры Абзалаў мяркуе, што Расея такім чынам атрымае дадатковыя вагары ціску на сваіх суседак:

«Цэны будуць пераглядацца штоквартальна, акрамя таго, вызначацца яны будуць не паводле асобных дамоваў, а зыходзячы з паказчыкаў сусьветных біржаў. На практыцы гэта азначае, што ні Ўкраіна, не Беларусь ня змогуць патрабаваць для сябе льготных умоваў не даючы нічога ўзамен. Тым больш, што Эўропа іх больш не падтрымае».

Палітоляг мяркуе, што новыя ўмовы дазволяць Расеі дамагчыся ад краінаў Балтыі выкананьне правоў расейскамоўных грамадзянаў, ад Беларусі — прысутнасьці расейскага капіталу ў краіне, ад Украіны — рашэньня Чарнаморскага флёту.

Эканамічная аглядальніца Тацяна Манёнак мяркуе, што ў такіх заявах няма нічога дзіўнага:

«Цана на газ вызначаецца цаной на нафту, а яна, як вядома, увесь час расьце. Дый для Расеі рост цэнаў на нафту і газ стаўся нечаканым».

Паводле яе словаў, Беларусь і Расея ад 2006 году вядуць перамовы на пераход да сярэднеэўрапейскай цаны на газ для беларускіх спажыўцоў і для ўнутранага расейскага рынку. Апошняе прадыктавана прынцыпамі цэнаўтварэньня Сусьветнай гандлёвай арганізацыі, куды апошнія гады актыўна імкнецца Расея. Падаражаньне энэргарэсурсаў стала нечаканым і для «Газпрому», што вылілася ў заяву пра падаўжэньне тэрміну пераходу на новыя цэны на ўнутраным рынку да 2018 году (раней меркавалася, што тое здарыцца ў 2011 г.). Гэта дае ўраду Беларусі дадатковыя магчымасьці для гандлю, кажа Т. Манёнак.

Як і інфармацыя пра магчымае разьмяшчэньне амэрыканскай супрацьракетнай сыстэмы ў Літве. Хуткая сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Расеі абяцае прагматычны гандаль і гаворка хутчэй за ўсё пойдзе пра танны газ узамен за дзяржаўную маёмасьць. Па словах экспэрта, ураду Беларусі, які агучыў заплянаваныя на наступны год асноўныя эканамічныя паказчыкі, заснаваныя і на прагназаваных цэнах на паліва ў тым ліку, няма куды адступаць.

«Беларусь пакуль карыстаецца з спрыяльнай каньюнктуры на рынку нафтапрадуктаў і калійных угнаеньняў, але цана ў $200 за тысячу кубамэтраў газу — гэта крытычна для беларускай эканомікі» — падкрэсьліла спн. Манёнак.

На яе думку, бакі могуць пагадзіцца і на меншай лічбе, скажам $160, але Беларусі давядзецца заплаціць за гэтую цану. Салідарызавацца дзеля вырашэньня праблемаў транзыту паліва з Украінай Беларусь можа толькі ў скрайнім выпадку, дадала экспэрт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?