Апытанне выбарцаў паказала, што Клінтан добра правяла і другі раўнд дэбатаў з Трампам. Згодна з вынікамі апытанкі CNN/ORC 57% выбарцаў палічылі пераможцам Клінтан, а 34% — Трампа.

У выніку гэтага ўмацаваўся мексіканскі песа. Лічыцца, што перамога Трампа прывяла б да абвалу мексіканскай эканомікі, бо кандыдат-рэспубліканец выступае супраць існавання зоны вольнага гандлю з Мексікай, таму мексіканскую валюту лічаць індыкатарам шанцаў мільярдэра.

Дэбаты былі гарачымі. Трамп заявіў, што, калі пераможа, пасадзіць Клінтан у турму за яе выкарыстанне прыватнага э-мэйла для перапіскі па службовых пытаннях у часе працы дзяржаўным сакратаром ЗША. У сваю чаргу, Клінтаніха назвала Трампа непрыдатным для прэзідэнцтва, бо здольным пасварыцца з усімі і з кожнай нагоды.

Дэбаты былі арганізаваныя ў так званым «ратушным стылі», калі кандыдаты вольна ходзяць па сцэне. Трамп часта станавіўся ў Клінтан за спінай. Карыстальнікі амерыканскіх сацсетак гэта заўважылі і ў большасці такую пагрозлівую манеру асудзілі.

Трамп таксама адбіваўся ад абвінавачванняў у вульгарных выказванняў пра жанчын. «Гэта такі жарт з раздзявальні, — некалькі разоў паўтарыў ён. — Ваш муж горшае з жанчынамі рабіў», — сказаў ён суперніцы.

Клінтан адмовілася абмяркоўваць паводзіны мужа.

На пачатку дэбатаў палітыкі адмовіліся паціснуць адзін аднаму руку. Гэта рэдкі выпадак такой узаемнай пагарды ў амерыканскай палітыцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?