Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, выступаючы на міжнародным энергетычным кангрэсе ў Стамбуле, заявіў, што Расія падтрымлівае абмежаванне здабычы нафты краінамі АПЕК і гатовая далучыцца да такіх мер.

«Расія гатовая далучыцца да сумесных мер па абмежаванні здабычы, і заклікае да гэтага іншых экспарцёраў нафты. Мы падтрымліваем ініцыятыву АПЕК па фіксацыі лімітаў на здабычу і разлічваем, што на паседжанні АПЕК у лістападзе гэтая ініцыятыва ўвасобіцца ў канкрэтныя дамоўленасці», — сказаў ён.

«У сітуацыі, якая склалася, лічым, што замарозка ці нават скарачэнне здабычы нафты з'яўляецца, мабыць, адзіна правільным рашэннем для захавання ўстойлівасці ўсёй сусветнай энергетыкі», — дадаў ён.

На думку Пуціна, рэальных падстаў для таго, каб гаварыць аб сканчэнні эры вуглевадародаў, няма.

У канцы верасня краіны АПЕК дамовіліся аб невялікім скарачэнні здабычы нафты. Здабыча будзе абмежаваная 32,5—33 млн бараляў у суткі. Цяпер краіны АПЕК здабываюць каля 33,24 млн бараляў у суткі.

У апошні раз краіны АПЕК дамаўляліся аб скарачэнні здабычы нафты восем гадоў таму. Неабходнасць у падобным вырашэнні паўстала ў 2014 годзе, калі рэзка ўпалі цэны на нафту.

У ліпені 2014 года бараль нафты маркі Brent каштаваў больш за 100 даляраў ЗША. Цяпер нафта больш чым у два разы таннейшая.

На фоне рашэння АПЕК нафта падаражэла больш чым на 5%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?