Гэта здарылася 3 кастрычніка, у 13:50, з аўтобусам айчынай маркі «МАЗ» з нумарам АІ 9823-7. Я прайшоў мытны і пашпартны дагляд на беларускім баку, выйшаў з будынку і заўважыў талаку, што стаяла на вуліцы і чакала на транспарт. Звычайна па сканчэнні дагляду аўтобус ужо выкочваецца за шлагбаўм, застаецца толькі ў яго сесці.

Але тут была гогалеўская маўклівая сцэна: натоўп людзей з аднаго боку, нерухомы бус — з другога. І мытнікі з памежнікамі, якія ў роспачы глядзяць то на аўтобус, то на людзей, і не разумеюць, чаму адны не ідуць у другі. Нарэшце ўпалі каменныя словы: «Не заводзіцца».

У XXI стагоддзі. Аўтобус міжнародных ліній, які з’яўляецца тварам Беларусі для замежнікаў. Які злучае дзве краіны.

Аўтобус, ад хуткасці і трываласці якога залежыць тое, ці паспеюць пасажыры на авіястыкоўкі ды іншыя транзітныя злучэнні ў Вільні. Проста на мяжы! Пад шлагбаўмам! Не заводзіцца!

Кіроўца задуменна хадзіў вакол свайго механічнага транспартнага сродку. «Трэба піхаць, інакш не завядзешся», — насядаў на яго ззаду шафёр з буса, які стаяў наступным у чарзе. Яго можна было зразумець: пакуль не зрушыць наш аўтобус, не дагледзяць і ягоны.

Памежнікі і мытнікі пачалі звяртаць падкрэсленую ўвагу на нерухомы кусок жалеза на прасторы, адзначанай спецыяльным статусам і адназначна не прызначанай для адстою паламаных гаргараў. Паветра награвалася. Дзяўчына побач спрабавала растлумачыць велічнаму сівавалосаму замежніку, з выгляду французскаму прафесару, што значыць выраз «nie zavodzicca». Той усё ніяк не хацеў гэтага зразумець.

«Уздыміце шлагбаўм, я яго ўсё ж такі штурхану», — нарэшце звярнуўся кіроўца да памежнікаў. Я неяк адразу зразумеў, што новы пінжак надзеў сёння абсалютна дарма. Бо як ён адзін штурхане?

Карацей, уся мужчынская частка пасажыраў — а набралася нас 7 чалавек — стала спераду борта АІ 9823-7 і па камандзе пачала піхаць яго назад. Прасунуўшыся на якіх два метры, борт паспрабаваў завесціся, але не здолеў. «Больш хуткасці набяры», — скамандаваў кіроўца буса.

Тут я хацеў бы зазначыць, што не маю аніякіх прэтэнзій да чалавека, які кіраваў бортам АІ 9823-7. Ён абсалютна годна выходзіў з вельмі паганай сітуацыі, калі на міжнародным маршруце яго паставілі за стырно ламачча, не здольнага без паломкі прайсці 180 км.

Больш за тое, у мяне няма і прэтэнзій да «Мінсктранса», бо не гэтая ўстанова — ці не яна адна — вызначае, на якія мэты горад і краіна мусяць пускаць грошы ў першую чаргу.

Я і пра здарэнне гэтае пішу менавіта для таго, каб для дзядзечак у Мінгарвыканкаме і Мінтрансе нарэшце дайшло, што міжнародныя маршруты мусяць у найкарацейшыя тэрміны быць забяспечаныя сучасным і трывалым транспартам. Змянілі лагатып у «Белавіі»? Ну, віншую вас! А тым часам на мяжы пасажыры мусяць рукамі піхаць стылыя «МАЗы»!

Карацей, з другога штуршка «МАЗ» завёўся. Пасля, калі мы ўжо выязджалі з адстойніка, бус заглух яшчэ раз — кіроўца стаў прытарможваць, каб упісацца ў вузкі праезд, упалі абароты, і рухавік стаў. Але тут удалося падхапіць і завесціся на руху, без паўторнай піханіны — за што пілоту борта АІ 9823-7 асобны дзякуй. Як мы праходзілі літоўцаў, казаць не буду, бо на кожным чырвоным святлафоры ўся грамада ўслухоўвалася ў гукі з рухавіка і лічыла абароты.

Толькі б не стаць! Услухоўваўся і я. Не таму, што баяўся запэцкаць пінжак, а таму, што ну, ведаеце — будзеце смяяцца — за дзяржаву крыўдна.

Адна справа — зняславіцца на сваім баку, пад сваімі камерамі відэаназірання, іншая — зганьбавацца перад замежнікамі, стаць зоркамі літоўскага YouTube. Бо нашто нам спартовыя перамогі, калі пра краіну будуць судзіць па відовішчы беларусаў, якія піхаюць беларускі аўтобус праз літоўскую мяжу? Але Бог злітаваўся, і на еўрапейскай зямлі мы ўжо не глухлі. Дабраліся да Вільні без прыгод. Але вы ж ведаеце, борт АІ 9823-7 нікуды не падзеўся.

У чалавека, які рэгулярна ездзіць у Вільню, ёсць тры опцыі.

Самалёт Мінск — Вільня, які вылятае ў 8.25 і прыбывае ў 9.00. Усяго 35 хвілін, але для таго, каб трапіць на борт, трэба даперціся да аэрапорта, прычым зрабіць гэта за дзве гадзіны, прайсці мытню, авіябяспеку і г. д. Карацей, па часе атрымліваецца амаль тая ж трасца, але больш дзерганіны.

Цягнік. Ідзе дзве гадзіны, камфортна, сучасна, хутка. Але па прыбыцці ты ўтыкаешся ў вялікую чаргу да літоўскага пашпартнага кантролю. Калі людзей шмат, здараецца беганіна і штурхатня.

Таму аўтобус — гэта вырак. Без аўтобуса — нікуды. У тым ліку без борта АІ 9823-7.

Яшчэ адна асаблівасць: калі я чакаў пасадкі на вакзале 3 кастрычніка, на перон раптоўна ўкаціўся раскошны зялёны Neoplan з вайфаем і шырокімі крэсламі. «Ого! — падумаў я, няўжо «Мінсктранс» нарэшце ачомаўся!» Але той Neoplan ехаў у… Адэсу. І належаў невялічкай кампаніі Like Bus.

Ва Украіне вайна, а аўтобусы чамусьці глухнуць у нас — такі вось парадокс.

Тут можна было б скончыць пажаданнем хутчэйшай прыватызацыі, але я не з’яўляюся наймітам кампрадорскага капіталу і вельмі добра ведаю, чым тая хуткая татальная прыватызацыя скончыцца для Беларусі.

Вось што: Беларусь — адзіная вядомая мне краіна свету (а вандрую я шмат), дзе, каб набыць квіток на аўтобус, які ідзе за мяжу, трэба прад’явіць пашпарт.

Гэта робіцца для таго, каб адсочваць усялякіх падазроных элементаў, усялякіх наймітаў і змагароў, каб на мяжы падрыхтаваць ім пільны дагляд, каб мець запас часу для гэтага. І вось я ўяўляю, колькі грошай і аплачанай дзяржавай увагі спецыяльных людзей ідзе на пільны прагляд пашпартных дадзеных пасажыраў, суаднясенне іх са спецыяльнымі спісамі і г. д.

Пры тым, заўважым, аўтобусы на мяжы ўстаюць не праз шкодніцтва наймітаў, а праз тое, што гэтая сістэма, збудаваная акурат на праверцы пашпартоў, спарахнела настолькі, што хутка пераўтворыцца ў труху. Дык можа трэба неяк ачомацца, таварышы? Адмяніць праверку пашпартоў і на грошы, вызваленыя ад забяспечання паранаідальнай праверкі, набыць краіне аўтобус на Вільню?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?