Экс‑міністар замежных справаў Нямеччыны ў інтэрвію газэце Die Zeit прадказаў ЗША рэцэсію ды абвал усёй сыстэмы эканамічнага росту. Адзіным чалавекам, здольным вывесьці Амэрыку з крызісу, ён назваў Барака Абаму.

Анарха‑сындыкалізм і навуковы камунізм

Ёшка Фішэр — вядомы ня толькі ў Нямеччыне, але і ў сьвеце палітык зь незвычайнай біяграфіяй. У юнацтве ён узначальваў адну зь лявацкіх груповак у Франкфурце‑на‑Майне, жыў у студэнцкай камуне, некалькі разоў арыштоўваўся за сутычкі з паліцыяй. Сябраваў з славутым Даніэлем Кон‑Бэндытам, адным зь лідэраў студэнцкай рэвалюцыі 1968 году ў Парыжы. Пазьней Фішэр уступіў у Партыю зялёных і стаў яе лідэрам. Шырокая вядомасьць прыйшла да яго, калі малады палітык упершыню заняў міністэрскі пост ва ўрадзе зямлі Гесэн. Ёшка прыйшоў тады на ўрадавае пасяджэньне ў джынсах і красоўках.


Ёшка Фішэр

Ва ўрадзе канцлера Шродэра, калі Партыя зялёных увайшла ў кааліцыю з Сацыял‑дэмакратычнай партыяй Нямеччыны, Фішэр быў, адпаведна, віцэ‑канцлерам.

Ня скончыўшы афіцыйна ніводнай навучальнай установы, Фішэр займаўся самаадукацыяй. Ягоная бліскучая эрудыцыя прынесла палітыку папулярнасьць і павагу. Да нядаўняга часу ён чытаў лекцыі ў Прынстанскім унівэрсытэце. Да яго меркаваньня прыслухоўваюцца іншыя палітыкі і палітолягі.

Трэба адзначыць, што Ёшка Фішэр далёка ня першы з эўрапейскіх палітыкаў, хто прадказвае заняпад амэрыканскай эканамічнай сыстэмы. Нягледзячы на анарха‑сындыкалісцкія погляды, якіх ён трымаўся ў маладыя гады, лідэр зялёных, відаць, ніколі не вывучаў усур’ёз марксізм. Інакш бы ведаў, што першым крах манапалізму ЗША прадказаў яшчэ Ленін у сваёй рабоце «Імпэрыялізм як найвышэйшая стадыя капіталізму». У савецкіх падручніках навуковага камунізму крах капіталізму быў зусім не гіпотэзай, а неабходнай умовай атрыманьня добрай адзнакі на экзамэне. Ну, а ЗША, вядома, заўсёды разгляділася як самая галоўная капіталістычная дзяржава.

Галоўным доказам загніваньня капіталізму, якое немінуча павінна было скончыцца ўсясьветнай сацыялістычнай рэвалюцыяй, служыў факт глябальнага крызісу перавытворчасьці 1929 г. і Вялікай эканамічнай дэпрэсіі, якая за ім надышла. З таго часу прайшло амаль 80 гадоў, але глябальны крызіс капіталізму так і не адбыўся. Праўда, крызісаў было безьліч — і фінанансавыя, і валютныя, і паліўна‑энэргетычныя, і палітычныя. Ці ўзяць хоць бы цяперашні іпатэчны крызіс. І ніводны зь іх не завершыўся крахам эканамічнай сыстэмы ў цэлым.

Нельга не прыйсьці да высновы, што эканамічныя крызісы, як і крызісы ў жыцьці любога жывога арганізму, ёсьць ня проста непазьбежнай, але неабходнай зьявай. Яны ёсьць спосабам існаваньня любой незамкнёнай сыстэмы. Стабільнасьць жа, як мы добра памятаем з гісторыі Савецкага Саюзу, можа скончыцца імгненным і незваротным каляпсам.

Дарэчы, гаворачы пра сапраўды цяжкі крызіс 1929 г., чамусьці рэдка згадваюць, што ўсяго празь дзесяць гадоў пры Рузвэльце, які абвясьціў Новы курс, ЗША зноў сталі самай эканамічна разьвітай дзяржавай у сьвеце. Дзякуючы амэрыканскай эканамічнай моцы сілам кааліцыі (у іх ліку СССР) і ўдалося выйграць вайну з гітлераўскай Нямеччынай.

«Бутафорская» цывілізацыя

Крытыка амэрыканскага капіталізму на Захадзе — досыць звычайная рэч. Вось і Фішэр у сваім інтэрвію малюе змрочную карціну: «Аўтаканцэрны «Джэнэрал мотарз» і «Форд» балянсуюць на краі прорвы, курс даляра падае ўсё ніжэй, узровень беспрацоўя расьце. 40 мільёнаў амэрыканцаў ня маюць мэдычнай страхоўкі, сярэдняй клясе пагражае сацыяльная дэградацыя, інфраструктура развальваецца, сыстэма адукацыі патрабуе тэрміновых рэформаў…»

Фішэр, безумоўна, ведае, што эканоміка разьвіваецца цыклічна. Таму ён удакладняе, што, на ягоную думку, «цяперашні крызіс амэрыканскіх фінансавых рынкаў ня ёсьць праявай цыклічнасьці разьвіцьця». Уся мадэль эканамічнага росту ЗША, паводле Ёшкі Фішэра, «пагражае абрынуцца, азнаменаваўшы заканчэньне цэлай эпохі».

Між тым савецкія прапагандысты (а ўсьлед за імі і расейскія) ужо столькі разоў прадказвалі крах ЗША, а разам зь ім — усяе заходняй цывілізацыі, што ўспрымаць гэтыя прагнозы без усьмешкі немагчыма.

У словах Фішэра яўна адчуваецца ўплыў сацыялістычных ідэяў. На шчасьце, нямецкая філязофія дала сьвету ня толькі Маркса, а Аўстрыя была радзімай ня толькі Гітлера. Нараджэнец Аўстрыі Людвіг фон Мізэс даў бліскучую крытыку тэорыі сацыялізму. Ягоныя кнігі ніколі раней не вывучаліся ня толькі за саветамі, але і ў постсавецкіх краінах. Некалькі дзесяцігодзьдзяў таму Мізэс пісаў у кнізе «Тэорыя і гісторыя. Інтэрпрэтацыя сацыяльна‑эканамічнай эвалюцыі», што сацыялістычная тэорыя роўнасьці, альбо эгалітарысцкая сыстэма «відавочна пярэчыць фактам, усталяваным гісторыяй і біялёгіяй. Толькі фанатычныя прыхільнікі гэтай тэорыі могуць сьцьвярджаць, што ўсё, што адрозьнівае генія ад дурня, цалкам зьяўляецца вынікам постнатальных уплываў. Меркаваньне, што цывілізацыя, прагрэс і ўдасканаленьне адбываюцца ў выніку дзеяньня нейкага містычнага фактару, — у марксісцкай філязофіі матэрыяльных вытворчых сілаў — які фармуе мысьленьне людзей такім чынам, што пэўныя ідэі нараджаліся ў іхных розумах адначасова, ёсьць недарэчнай выдумкай».

На думку Мізэса, дактрына, якая прыніжае сучасную заходнюю цывілізацыю як выключна матэрыялістычную, служыць сацыялістам «галоўным аргумэнтам, калі тыя спрабуюць паказаць амэрыканскі капіталізм у якасьці праклёну чалавецтва. Вымушаныя міжволі прызнаваць, што капіталізм высыпаў на людзей даброты, як з рогу, і што прадказаньні Маркса аб прагрэсуючым зьбядненьні масаў былі абвергнутыя з тэатральнай эфэктнасьцю, яны спрабуюць уратаваць свой паклёп на капіталізм, паказваючы сучасную цывілізацыю як выключна матэрыялістычную і бутафорскую.

Справа ў тым, што тыя, хто змагаецца з капіталізмам як сыстэмай, якая пярэчыць прынцыпам маралі і рэлігіі, некрытычна і легкадумна прызналі ўсе эканамічныя вучэньні сацыялістаў і камуністаў. Падобна марксістам, яны прыпісалі ўсё зло — эканамічныя крызісы, беспрацоўе, беднасьць, злачынствы — дзеяньню капіталізму, а ўсё станоўчае — высокі ўзровень жыцьця ў капіталістычных краінах, разьвіцьцё тэхналёгіяў, зьніжэньне сьмяротнасьці і г. д. — дзеяньням урадаў і прафсаюзаў».

Загадка дэмакратаў

Ёшка Фішэр ускладае надзеі на будучы амэрыканскі ўрад. Дакладней, на адміністрацыю Барака Абамы, калі той пераможа на прэзыдэнцкіх выбарах увосень. Праўда, нямецкі палітык параўноўвае задачы будучай адміністрацыі з працай Сызыфа. Але ж, на думку Фішэра, дэмакрат Абама мае больш перавагаў, чым рэспубліканец Маккейн, які будзе працягваць цяперашні курс як ва ўнутранай гэтак і замежнай палітыцы. У кожным выпадку, лічыць Фішэр, будучы прэзыдэнт ЗША альбо пацерпіць поўны крах, альбо стане вялікім прэзыдэнтам. Магчыма, маецца на ўвазе — такім, як Франклін Рузвэльт?

Ёсьць, між тым, нейкая загадка ў гісторыі ЗША зь іх узаемадачыненьнямі з СССР, а таксама зь ягонай правапераемніцай Расеяй. Кандыдаты ад Рэспубліканскай партыі, якіх савецкая прапаганда заўсёды паказвала як найбольш зацятых імпэрыялістаў, пасьля прыходу да ўлады лягчэй дамаўляліся з Масквой, чымся больш «ляяльныя» ёй дэмакраты.

І сапраўды. Хрушчоў наладзіў неблагія стасункі з рэспубліканцам Эйзэнхаўэрам і насьмерць пасварыўся з дэмакратам Кенэдзі. Рэспубліканец Ніксан падпісаў Дамову пра абмежаваньне стратэгічных узбраеньняў. Ягоны пераемнік Форд падараваў Брэжневу футра з ваўка. А вось пры дэмакраце Картэры зноў пачалася халодная вайна. Рэйган дамовіўся з Гарбачовым, а Буш‑старэйшы стаў найлепшым сябрам Горбі, а потым і Ельцына. А Буш‑малодшы пабачыў у вачах Пуціна «родную душу».

Некаторыя палітолягі тлумачаць гэта тым, што дэмакратам даводзіцца, нібыта, дэманстраваць сваю «крутасьць» і мужчынскі характар у палітыцы, асабліва замежнай, што адрозьнівае іх ад кансэрватыўных рэспубліканцаў, якія зьяўляюцца «крутымі» як бы паводле вызначэньня.

Цікава, што амаль такую самую лёгіку прадэманстраваў нядаўна лідэр лібійскай рэвалюцыі Муамар Кадафі. Ён заявіў, што нядаўняе выказваньне Абамы пра тое, што Ерусалім павінен заставацца сталіцай Ізраілю, прадыктаванае «падлеткавым комплексам» цёмнаскурага прэтэндэнта, які, нібыта, хоча спадабацца белым. І таму ён, маўляў, будзе яшчэ большым расістам, чым самі расісты. Гэтыя разважаньні пакінем на сумленьні лібійскага палкоўніка. Абаму, якім бы ён ні быў прэзыдэнтам, напэўна давядзецца мець справу і з такімі суб’ектамі. Якую, насамрэч, ён будзе праводзіць міжнародную і ўнутраную палітыку, мы ня ведаем. У чым, аднак, не даводзіцца сумнявацца, нават ня будучы прарокам, дык гэта ў тым, што заняпад Злучаных Штатаў Амэрыкі адбудзецца яшчэ ня хутка. Незалежна ад таго, хто будзе наступным прэзыдэнтам ЗША.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?