Вашынгтон у партнёрстве з прыватнымі кампаніямі мае намер ажыццявіць пілатаваны палёт на Марс да 2030-х гадоў, гаворыцца ў калонцы прэзідэнта ЗША Барака Абамы на сайце тэлекампаніі «Сі-эн-эн».

Getty

«Мы паставілі перад сабой выразную мэту, якая мае вельмі важнае значэнне для новай старонкі гісторыі ЗША ў космасе: адправіць людзей на Марс да 2030-х гадоў і шчасна вярнуць іх на Зямлю», — піша Абама.

Цяпер у рамках праграм дзяржаўна-прыватнага партнёрства вядзецца распрацоўка тэхналогій, якія дапамогуць чалавеку выжыць у варожым асяроддзі, заявіў амерыканскі лідар.

«Усяго пяць гадоў таму амерыканскія кампаніі былі адрэзаныя ад глабальнага рынку камерцыйных пускаў. Сёння, дзякуючы працы мужчын і жанчын з НАСА, ім належыць больш за трэць гэтага рынку. Больш за тысячу кампаній, амаль ва ўсіх 50 штатах, працуюць над праектамі па камерцыйных запусках у космас», — піша прэзідэнт.

У канцы верасня пра планы па каланізацыі Марса абвясціла кампанія Ілана Маска SpaceX.

У аснове плана Маска ляжыць стварэнне вялізнага касмічнага карабля, які прыкладна ўтрая перавышае памер «шатла». Кожная з яго прыступак будзе шматразовага выкарыстання, што дазволіць знізіць кошт пералёту для будучых каланізатараў да 200 тысяч даляраў з чалавека.

Такі карабель, заявіў Маск, будзе змяшчаць да 100 чалавек. Час палёту да Марса складзе каля 80 дзён. Палепшыць гэтак доўгае знаходжанне ў замкнёнай прасторы мяркуецца паказам кінафільмаў, лекцыямі і гульнямі, адаптаванымі да ўмоў бязважкасці.

SpaceX разлічвае, што першы пілатаваны палёт да Чырвонай планеты з людзьмі на борце можа адбыцца ў 2022 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?