Першае месца прэміі Гедройца атрымаў Макс Шчур за кнігу «Завяршыць гештальт»
Прэмія Гедройца прысуджаецца штогод за найлепшую кнігу, напісаную на беларускай мове, у жанрах «мастацкая проза» і «эсэістыка».

20:55
Першае месца прэміі ў Макса Шчура. Чэк, эквівалентны 5000 еўра, дастаецца яму.
Хто такі Макс Шчур і чаму яго ніхто не бачыў
Валянцін Акудовіч: «Макс Шчур — неблагі выбар»
20:50
Другое месца агучвае старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч.
Узнагароду прысуджаюць Альгерду Бахарэвічу. Ён адправіцца на шведскі востраў Готланд.
20:45
Трэцяе месца аб'яўляе Уладзімір Арлоў. Імя пісьменніка напісана ў канверце, які ён трымае ў руках.
Трэцяе месца ў Андрэя Адамовіча за кнігу «Таўсьціла і лешч». Андрэй атрымлівае ў падарунак двухтыднёвы творчы адпачынак у Берлінскім літаратурным калёквіуме.
Андрэй Адамовіч: «Я паехаў у Вільню, сеў і напісаў кнігу за дзесяць дзён»

20:25
Усе пісьменнікі шорт-ліста, альбо іх прадстаўнікі, атрымалі дыпломы. На сцэне зноў гурт Shuma.
Ужо зусім хутка назавуць імёны пераможцаў.
На цырымоніі не прысутнічаюць Альгерд Бахарэвіч, Алесь Пашкевіч і Макс Шчур.
19:45
Гучаць урыўкі з намінаваных твораў. У запісе — галасы акцёраў Купалаўскага тэатра Алеся Малчанава і Алены Сідаравай. Ужывую ў зале чытае акцёр Купалаўскага Раман Падаляка.

19:25
Старшыня беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч аб'яўляе, што распачатая пятая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў прэміі Гедройца.
«З аднаго боку, прэмія створаная, каб ушанаваць памяць Ежы Гедройца, які 110 гадоў таму нарадзіўся ў Мінску. З іншага, прэмія — прапаганда беларускай літаратуры ў Польшчы і Беларусі. Мусіць быць вера пісьменніка ў тое, што калі ён нешта робіць, камусьці гэта патрэбна. Прэміі дапамагаюць сустрэцца аўтару з чытачом, з польскім перакладчыкам», — кажа Андрэй Хадановіч.

Слова бярэ ганаровы старшыня журы — Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Конрад Паўлік.
«Ідэя прэміі ў тым, каб стымуляваць беларускае літаратурнае асяроддзе развіцца. І гэта прыносіць свае вынікі, таму што бачны росквіт беларускай творчасці. З'яўляюцца кнігі важныя і вартыя ўвагі. Я перакананы, што сёлетнія лаўрэаты цалкам заслужылі гэтае званне. Хачу падзякаваць усім удзельнікам за іх вялікую працу. Вы ўсе — пераможцы. Трэба мець адвагу, каб удзельнічаць у такім конкурсе як гэты, — сказаў Кондрад Паўлік.

19:15
У зале гатэля «Рэнесанс», дзе сёння агучаць пераможцаў, больш за 100 чалавек — пісьменнікі, журы, госці.


Адкрывае цырымонію музычны гурт Shuma, які ўдала спалучае архаічныя беларускія спевы і сучасную электронную музыку.
***

Сёлета ў шорт-ліст Прэміі імя Ежы Гедройца трапілі кнігі:
- «Таўсціла і лешч» Андрэя Адамовіча
- «Прачнуцца ранкам у сваёй краіне» Валянціна Акудовіча
- «Белая муха, забойца мужчын» Альгерда Бахарэвіча
- «Рух» Алеся Пашкевіча
- «Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэслі» Тані Скарынкінай
- «Завяршыць гештальт» Макса Шчура
У журы прэміі сёлета ўвайшлі Ігар Бабкоў, Сяргей Дубавец, Людміла Рублеўская і Ганна Янкута — з беларускага боку.
Анджэй Бжэзецкі і Малгажата Ноцунь — з польскага боку.
Ганаровы старшыня журы — Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Конрад Паўлік.
***
Прэмія імя Ежы Гедройца ўручаецца ад 2012 года.
Раней яе атрымлівалі:
- Павел Касцюкевіч — «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» (2012)
- Уладзімір Някляеў — «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» (2013)
- Ігар Бабкоў — «Хвілінка: Тры гісторыі» (2014)
- Віктар Казько — «Час збіраць косці» (2015)
Каментары