У Беларусі рыхтуецца нарматыўная заканадаўчая база па стварэнні сістэмы навучання насельніцтва навыкам аказання першай дапамогі, паведаміла журналістам 13 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Мінску намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Людміла Жылевіч.

Shutterstock

Паводле яе слоў, база прапрацоўваецца па праекце пастановы Савета міністраў, які цяпер знаходзіцца на ўзгадненні з зацікаўленымі органамі. Да ініцыятывы, аўтарам якой з'яўляецца Міністэрства аховы здароўя, падключаюцца Мінабароны, МНС і іншыя ведамствы, а таксама грамадскія аб'яднанні.

Праект прадугледжвае стварэнне сеткі навучальных цэнтраў ва ўсіх абласцях, іх філіялаў, раённых кабінетаў пры медустановах. Мяркуецца, што навучальны курс будзе разлічаны на 16—20 гадзін. Будзе прапрацавана схема навучання, сістэма аплаты за курсы, вызначаны катэгорыі асоб, якія будуць вучыцца бясплатна. Паводле слоў Жылевіч, стварэнне такой сістэмы прадугледжана дзяржпраграмай «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека» на 2016—2020 гады.

Кожны грамадзянін павінен быць навучаны навыкам аказання першай дапамогі, і вучыць гэтаму трэба з дзяцінства, лічыць прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя. Універсальны механізм алгарытмаў, які распрацоўваецца, будзе тычыцца не толькі медустаноў, але ў першую чаргу сістэмы адукацыі, адзначыла яна і падкрэсліла, што Міністэрства аховы здароўя будзе настойваць на тым, каб дзяцей навучалі ва ўсіх установах адукацыі.

«Калі мы сёння падцягнем хаця б пласт сістэмы адукацыі, то забяспечым у будучыні дарослых людзей, якія ведаюць, як дапамагчы сабе і іншым, — сказала яна. — Дзіця павінна ўмець сябе абараніць у сітуацыі, калі застаецца адно, павінна ведаць, што рабіць пры ўзгаранні, калі з ім загаворвае незнаёмы і гэтак далей. Мы ж фарміруем чалавека, а не толькі даем яму адукацыю».

Яна прывяла ў прыклад Эстонію, якой удалося навучыць навыкам першай дапамогі ўсё насельніцтва за даволі кароткі тэрмін. Там кожны грамадзянін пры ўладкаванні на працу павінен прад'явіць дакумент аб праходжанні навучання навыкам першай дапамогі.

На сёння ў краіне ёсць два цэнтры на базе медуніверсітэтаў ў Мінску і Віцебску, якія гатовыя аказваць паслугі па навучанні насельніцтва, запрашаюць на курсы цэнтральныя раённыя бальніцы, медыкі наведваюць прадпрыемствы, бясплатна навучае ўсіх жадаючых Чырвоны Крыж. Аднак, адзначыла Жылевіч, ініцыятыва ад насельніцтва мінімальная.

Важным момантам у навучанні прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя лічыць адпрацоўку атрыманых навыкаў, таму што менавіта яна дапамагае чалавеку не разгубіцца і справіцца ў стрэсавай сітуацыі. Паводле яе слоў, аказанне першай дапамогі пацярпелым, напрыклад у ДТЗ, у першыя сем хвілін — гэта 70% таго, што жыццё будзе выратавана.

«Таму сёння мы ідзем па шляху навучання першай дапамозе ў сімуляцыйных цэнтрах, ва ўмовах, максімальна набліжаных да рэальных, — адзначыла Жылевіч. — Закупляем сімуляцыйныя манекены, ствараем такія цэнтры на базе ўніверсітэтаў і будзем прыцягваць туды людзей».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?