Фота Аляксандра Меліхаўца.

Фота Аляксандра Меліхаўца.

Коратка пра апавяданне

«Народныя мсціўцы» — гэта чацвёра вяскоўцаў, якія вырашаюць адпомсціць былому супрацоўніку карных органаў Вусаву. Праз шмат гадоў ён вярнуўся, каб наведаць свайго колішняга памагатага ў брудных справах. Іх намаганнямі калісьці былі загубленыя лёсы многіх мясцовых сем’яў.

Саўчанка, Дубчык, Снайпер-Іван і Ляплеўскі вырашаюць забіць былога карніка. Аднак Саўчанка не вытрымлівае доўгага чакання зручнага моманту і ідзе касіць. Следам за ім Дубчык адпраўляецца правяраць, ці засталося што ў бутэльцы, распітай напярэдадні. А галоўны завадатар, Снайпер-Іван, папросту правальваецца ў сон. З Вусавым сустракаецца толькі настаўнік Ляплеўскі…

Асноўнае пра здымкі фільма

Чытаецца апавяданне за гадзіну, па задуме Аляксандра Меліхаўца фільм таксама не будзе даўжэйшым.

Твор будзе паказаны ва ўласнай інтэрпрэтацыі рэжысёра, таму можна чакаць эпізодаў, якіх не сустракаецца ў тэксце.

Зняць карціну плануюць за тры дні. Гэта калі адкінуць час на рэпетыцыі, якія ўжо цягнуліся некалькі тыдняў і яшчэ будуць працягвацца.

Для здымак абралі мясцовасць пад Нясвіжам, за 150 кіламетраў ад Мінска.

Бюджэт — 1000 даляраў. Гэта шостая частка той сумы, якую планавалі сабраць на краўдфандынгавай пляцоўцы. Сродкаў катастрафічна бракуе, аднак рэжысёр адчувае адказнасць перад людзьмі, якія ахвяравалі грошы, і не збіраецца адракацца сваёй задумы.

Рэжысёр пра падводныя камяні

Паколькі бюджэт фільма мізэрны, зляпіць цукерачку будзе няпроста. Аляксандр ужо паспеў у гэтым упэўніцца.

«Тое, што мяне ўразіла, да чаго я не быў гатовы — гэта стаўленне людзей да праекта. Я думаў, дастаткова сказаць імя Быкава, каб заахвоціць аматараў беларушчыны дапамагаць. Па факту аказалася, што за бясплатна гэта амаль нікому нецікава. Быкаў і гэты праект насамрэч нікому непатрэбныя, — канстатуе Аляксандр.

— Я магу ўзяць фотаапарат і паздымаць кагосьці за пару гадзін, але гэта будзе халтура. Хочацца зрабіць фільм максімальна якасна. Каб была добрая тэхніка, каб працавалі людзі з пэўным досведам, каб быў якасны пост-прадакшн. На жаль, гэта ўсё цягне грошы. Іх няма, і мы спрабуем зрабіць за тысячу тое, што робіцца за 50 тысяч.

Праект, па сутнасці, пад пагрозай зрыву. З улікам таго, што ўжо патрачана на рэпетыцыі і касцюмы, застаецца адна пятая ад заяўленага бюджэту. Хаця і міфічныя шэсць тысяч — не многа. Я не кажу пра галівудскія, у расійскіх фільмах мінімальны бюджэт — два мільёны даляраў. Калі гаворка ідзе пра мільёны — гэта адно, калі пра тысячы — іншае. Мы скарацілі здымачныя дні да трох — гэта нічога для такога праекта, але і на іх цяпер грошай няма. Спадзяюся, што сродкі яшчэ атрымаецца дабраць.

Тым не менш, я спрабую зрабіць годны фільм. Матэрыял і Быкаў гэтага заслугоўваюць. Я браў тэму, якая мне падабаецца, браў пісьменніка, які мне падабаецца, браў форму, якая мне падабаецца. І за гэта плачу нервамі, часам, уласнымі грашыма.

Я, дарэчы, не хацеў бы, каб праект успрымаўся менавіта праз бюджэт, як фільм за 1000 даляраў ці хай сабе за пяць-шэсць тысяч. Хочацца зрабіць фільм, варты ўвагі менавіта сваімі мастацкімі якасцямі ці хаця б тэмай, ідэяй, мовай. Заахвоціць людзей задумацца над тым, што кажа Васіль Быкаў. Ці хаця б прачытаць гэтае апавяданне».

Завяршыць карціну плануецца да новага года. Рэжысёр не хоча адкладаць работу да наступнага лета, хоць дзеянне ў апавяданні адбываецца менавіта ў гэтую пару года. На думку Аляксандра, адкладанне нічога добрага не прынясе. Трэба каваць жалеза, пакуль гарачае, нягледзячы ні на якія цяжкасці.

Калі вы хочаце дапамагчы праекту ажыццявіцца, звязвайцеся з рэжысёрам Аляксандрам Меліхаўцом:

[email protected]

https://www.facebook.com/profile.php?id=100000806220562

https://vk.com/mielichaviec

+375-33-600-36-58

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?