У працэсе аб сьмерці на «Валадарцы» ў 2013 годзе вязьня Ігара Пцічкіна пракурор просіць для абвінавачанага фэльчара Аляксандра Крылова 3 гады калёніі-пасяленьня паводле часткі 2 артыкулу 162 Крымінальнага кодэксу — за неналежнае выкананьне службовых абавязкаў, якое прывяло да сьмерці.
Нагадаем, за 20 гадзін, якія Ігар Пцічкін быў прывязаны да ложка, яго ні разу не вывелі ў туалет. Ён памёр у СІЗА ад сардэчнай недастатковасці. (Гл. таксама: Справа Пцічкіна. Прывязаным да ложка пратрымалі амаль суткі.)
Пракурор Вадзім Кісель назваў сярод асноўных прычынаў, якія прывялі да сьмерці Пцічкіна, фіксацыю яго да ложка, якую прызначыў Крылоў незаконна, і лячэньне Пцічкіна з боку Крылова «не ў адпаведнасьці з пратаколам». Вынікі комплексных экспэртызаў прычын сьмерці Пцічкіна пракурор лічыць «супярэчлівымі» і «узаемавыключальнымі». Экспэрты казалі пра сьмерць у выніку вострай сардэчнай недастатковасьці, якая разьвілася ад комплексу прычынаў, на якія Крылоў ня мог узьдзейнічаць.
Крылоў не прызнае сябе вінаватым. Пракурор заяўляе, што Крылоў не раскаяўся. Адвакат Крылова Андрэй Міхайлаў кажа, што няма доказаў, што Пцічкіна зьбівалі, а ягоны кліент толькі фэльчар, але ня лекар.
Адвакат назваў праваабаронцаў «ворагамі», якія фінансуюцца ЦРУ. Прысуд Крылову, паводле Міхайлава, будзе на іх карысьць. Ён заклікаў суд Крылова апраўдаць, а таксама прыцягнуць да адказнасьці пракурора, які вёў справу Пцічкіна, па 393 артыкуле КК — за гэта, маўляў, трэба даваць 3—10 гадоў зьняволеньня. Пракурор Кісель назваў гэтыя словы адваката Міхайлава пагрозай і ціскам на суд.
Паседжаньне 14 кастрычніка завершылася. У панядзелак а 14:15 апошняе слова і абвяшчэньне прысуду.