Адзін з самых буйных і вядомых ордэнаў Рымскай каталіцкай царквы, ордэн езуітаў, на генеральнай кангрэгацыі выбраў сваім генералам айца Альвара Соса Абаскаля з Венесуэлы.

Цяпер дзейны генерал Таварыства Езуса (так афіцыйна называецца ордэн езуітаў) іспанец Адольфа Нікалас папрасіў аб адстаўцы ў сувязі з дрэнным станам здароўя.

Абранню Абаскаля папярэднічалі чатыры дні нарад паміж старэйшымі членамі ордэна. У езуіцкай традыцыі гэты працэс называецца murmuratio, або «перашэптванне».

Каб стаць абраным генералам ордэна, святар павінен атрымаць не менш за 50% галасоў кангрэгацыі плюс адзін голас. У 36-й па ліку кангрэгацыі ў Рыме бралі ўдзел 215 святароў.

На думку некаторых назіральнікаў, абранне святара-лацінаамерыканца кіраўніком ордэна адлюстроўвае тэндэнцыю — каталіцкая царква ўсё часцей шукае лідараў за межамі Еўропы.

Цяперашні папа Францішак — першы езуіт і першы лацінаамерыканец на святым троне.

Для ордэна езуітаў характэрныя жорсткая дысцыпліна, цэнтралізацыя, беспярэчнае падпарадкаванне галаве ордэна і папу.

Таварыства Езуса — гэта мужчынскі манаскі ордэн Рыма-каталіцкай царквы. Яго заснаваў Ігнацій Лаёла ў 1540 годзе. Ва ўсім свеце сёння налічваецца каля 18 000 езуітаў, гаворыцца на сайце арганізацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?