У пятніцу 14 кастрычніка Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі ладзіў адкрыты дыялог «Аднаўляем святыні — ствараем будучыню». 

Нагода — падвядзенне вынікаў дабрачыннай акцыі «Аднаўленне святынь Беларусі», у межах якой актывісты БРСМ удзельнічалі ў парадкаванні каля 780 культавых аб'ектаў — гэта, напрыклад, рэстаўрацыі касцёлаў, дапамога ва ўзвядзенні цэркваў, прыборка габрэйскіх і ўніяцкіх могілак. 

У рамках сустрэчы для падвядзення вынікаў БРСМаўцы запрасілі да сябе на адкрыты дыялог прадстаўнікоў вядучых беларускіх канфесій.

Пачалося ўсё з урачыстай закладкі ў крыпту Храма Усіх Святых капсул з зямлёй з месцаў пахавання савецкіх воінаў: зямлі з лагера «Шталаг-307» і Брэсцкай крэпасці. 

Праўда, з пачаткам затрымаліся — кіраўнік беларускага экзархата РПЦ і Мітрапаліт Мінскі Павел на 40 хвілін спазніўся на цырымонію. 

Пасля сакральнай часткі пачаўся, уласна, дыялог, цягам якога выступалі прадстаўнікі розных канфесій, а БРСМаўцы мелі магчымасць задаць ім пытанні. 

Першым выступаў настаяцель Храма Усіх Святых Фёдар Поўны. 

Ён сказаў, што сямейныя каштоўнасці сёння трэба аднаўляць, нібы тыя святыні.

Таксама ён звярнуўся да міграцыйнага крызісу ў Еўропе.

«Пытанне там сёння не ў колькасці арабаў, а што іх культура паглынае еўрапейскую, — сказаў айцец Фёдар. — І мы назіраем, як мячэцяў робіцца больш — мусульманам трэба іх Бог. А еўрапейцы самі адвярнуліся ад храмаў: яны перадаюць іх пад культурныя цэнтры, пад што заўгодна. Вера робіцца непатрэбнай, а мусульмане вераць альбо, прынамсі, шануюць традыцыі. Калі яны раней бачылі, што еўрапейцамі апякуецца Хрыстос і баяліся ступіць на іх землі, то цяпер мусульмане думаюць наадварот — калі няма Бога і абаронцы, то вашая тэрыторыя свабодная, вам усё роўна, якія храмы тут стануць. Таму важна, каб у нас былі свае святыні: няма святынь — пустата ў душы, якую можна запоўніць чым заўгодна. А трэба памятаць, мы не ўзяліся ніадкуль, у нас ёсць род, і сёння мы можам зрабіць наш народ мацнейшым — вырасці ў нацыю». 

Далей выступаў Павел, адразу звёўшы прамову да тэмы вайны.

«Што на вайне робяць захопнікі, узяўшы ў палон чужога салдата? — спытаў ён. — Здымаюць пагоны, пазбаўляюць воінскіх званняў… І што застаецца? Проста адзежа, чалавек, мужык. І звярніце ўвагу, што адбывалася ў гісторыях розных войнаў. І што сёння адбываецца на Блізкім Усходзе».

«Прыйшлі захопнікі на Палесцінскую зямлю, на Блізкі Усход, — працягваў Павел, прымусіўшы двух прысутных рабінаў пераглянуцца. — Яны руйнуюць храмы, манастыры, мячэці. Гэтак жа напачатку ХХ стагоддзя было ў СССР — гэтак спрабавалі зняць апазнавальныя знакі. І сёння, калі ёсць магчымасць аднавіць храмы і манастыры, мы сустракаем апазіцыю — а навошта? Я скажу — гэта нашыя ідэнтыфікатары, ідэнтыфікатары нацыі. Без гісторыі і каранёў людзі робяцца шэрай масай. Храмы і манастыры — гэта не мінулае, а цяперашняе і будучае. Нашае Я, наша аблічча, гэта ўсё, чым жывуць нашыя людзі», — лічыць патрыяршы экзарх.

Таксама ён сказаў, што шкадуе еўрапейскі народ, які «адрокся сваёй гісторыі».

Далей выступіў ксёндз-біскуп Юрый Касабуцкі.

«Што за дарога, якая не вядзе ў храм?» — рытарычна спытаў ён, цытуючы гераіню ўпадабанага фільма, дадаючы, што сёння моладзь часам аб’ядноўваюць розныя залежнасці: алкаголь, наркотыкі, а не штосьці больш вартае.

У прамове Касабуцкага таксама знайшлося месца Захаду.

«У душах змянілася сістэма каштоўнасцяў. Свабода чалавека — што гэта? Эўтаназія? Іхні дом ужо стаіць на пяску, а не на каменным падмурку», — сказаў біскуп.

Далей пайшлі пытанні — першае ад «гомельскай моладзі».

«Моладзь пачала ўжываць слова «модна» — модна быць стылёвым, мець сваю справу, некалькі адукацый, машыну, кватэру. Ці модна быць простым чалавекам, які шануе хрысціянскія традыцыі і, такім чынам, змяніць значэнне слова «модна»?» — пацікавіўся хлопец з БРСМ.

Яму адказаў Касабуцкі.

Ксёндз-біскуп Юрый Касабуцкі і мітрапаліт Павел у крыпце Храма Усіх Святых. 

Ксёндз-біскуп Юрый Касабуцкі і мітрапаліт Павел у крыпце Храма Усіх Святых. 

«Як у той краме для палявання і рыбы — ты купляеш нейкі бліскучы вабік, ад якога рыба шалее і кідаецца на яго, а потым трапляе ў суп ці на патэльню. Так і чалавек — пабачыць прыманку, а разуменне таго, што яна не даводзіць да дабра, прыходзіць пазней. Ідзе ён у начны клуб, каб паглядзець, як называецца кактэйль, хоча пакаштаваць кожны, але гэта рабіць неабавязкова — можна не паспець спыніцца. Заўсёды модна быць чалавекам сумлення і рабіць людзям дабро», — сказаў ксёндз-біскуп.

Наступнае пытанне, якое цікавіла БРСМаўцаў — дзе мяжа паміж вызнаннем і насаджэннем веры.

«Калі ідзе служба ў храме — гэта вызнанне веры. Калі хтосьці ў няўрочны час прыходзіць да вас дадому і кажа, што я вось вам кніжку хачу падарыць ці запрасіць на сустрэчу — гэта ўжо навязванне», — расклаў усё па палічках патрыяршы экзарх і закрануў пытанне вымярэння веры.

«Хрыстос казаў, калі ў вас будзе веры на пясчынку, то вы будзеце перастаўляць горы. А хто з нас тут перастаўляе? Я сумняюся, што мы ўсе веруючыя — мы спрабуем штосьці, але вызначыць наш узровень веры… Мы толькі пачынаем вучыцца верыць, калі прыходзім у храм, мы немаўляты», — рэзюмаваў ён.

Далей выступаў госць з Польшчы — гаварыў ён цягам пяці хвілін па-польску і без перакладу, што пасля дало магчымасць мадэратару размовы — Андрэю Крывашэеву з БТ — ад сябе дадаць, што ў Еўропе «зажэрліся»: маўляў, матэрыяльны дабрабыт адштурхоўвае людзей ад веры, бядою паражае душу чалавека.

Але неўзабаве пытальнае слова зноў атрымалі сябры БРСМ — гэтым разам з валанцёрскага атрада Магілёўскай вобласці.

«Сёння модныя святы Хэлоўін і Дзень святога Валянціна. Ці дарэчныя яны ў нас, як уплываюць на духоўнасць?» — прагучала пытанне да Паўла.

«Ёсць у Расіі і Беларусі такія рэстараны, як «Макдональдс», — здалёк пачаў Уладыка. — А хтосьці чуў у іх рускія народныя песні?»

Тут па сталах удзельнікаў дыялогу пабег шэпт, якім бокам да Беларусі рускія песні, але мітрапаліт працягваў.

«Тым больш, такія песні не гучаць у Амерыцы. Іх амерыканцы не слухаюць, а чаму? У гэтым праяўляецца ідэнтычнасць — не трэба запускаць ракеты, каб заваяваць народ, досыць падмяніць унутраны змест, і тыя людзі страцяць свае карані. Адчуйце глыбіню духоўнай экспансіі. У нас трывае барацьба — прыносяцца новыя святы, новыя песні, незнаёмая кухня (хаця я вельмі люблю — смачна і добра), разам з гэтай ежай нам даюць і духоўную ежу. Паглядзіце на манастыры — калі манахі ядуць, адзін стаіць і чытае Жыціі святых — у іх найглыбейшы сэнс! Разам са звычайнай ежай яны сілкуюцца і духоўнай. А Хэлоўін? Што гэта такое? Пацісон? Гэта прыхаваная форма пакланення д’яблу! Нам даюць гэты сурагат і адбываецца духоўная агрэсія, экспансія, акупацыя душ. Рабіце высновы самі — трэба нам гэта ці не», — сказаў Павел.

Таксама ён падзяліўся сваім разуменнем слова «талерантнасць».

«Нам навязваюць новую культуру, новую мову, новыя святы. Мы не толькі сваё можам забыць, але і пачаць пакланяцца д’яблу. Калі нам кажуць «будзьце талерантнымі» — тут два значэнні — адно медыцынскае, а адно са старых энцыклапедый. Гэта стан, калі чалавек настолькі дэградуе, што,страціўшы духоўны імунітэт, не можа супраціўляцца ўплыву іншых культур і людзей», — падагульніў Павал. 

А пры канцы сустрэчы Андрэй Крывашэеў расказаў гісторыю з Плошчы-2006, дзе ён працаваў журналістам. Ён сказаў, што да іх групы падышоў нейкі чалавек «з выгляду ну не скажу што вар’ят», і пачаў казаць, што Беларусь — бязбожная краіна. І тут, маўляў, нібы знаменне — з неба снег пайшоў сцяной, што немагчыма было здымаць, і гэты чалавек адышоў і больш не падыходзіў.

А выніковае слова сказаў Леанід Гуляка — упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей. 

Ён сказаў, што ў Беларусі сёння цяжка ўявіць канфлікт на рэлігійнай глебе і нават не стаіць пытанне, веруючы чалавек ці не.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?