Аўстралійскія паліцыянты канфіскавалі больш за 1,2 тоны экстазі (MDMA). Каля 4,1 млн таблетак экстазі былі схаваныя ў рулоны ліставога алюмінія. Груз паступіў з Еўропы.
AFP
Кошт канфіскаванага ацэньваецца ў за 145 млн аўстралійскіх даляраў (110 млн даляраў ЗША).
У спробе кантрабанды наркотыкаў у краіну абвінавачваюцца 28-гадовы і 29-гадовы грамадзяне Польшчы. Яны ўжо затрыманыя і паўстануць перад судом 15 кастрычніка, у вызваленні пад заклад ім адмоўлена.
Канфіскацыя 1,2 тоны экстазі — гэта самая буйная аперацыя па выяўленні наркотыкаў у гэтым годзе і чацвёртая па аб'ёме за ўсю гісторыю краіны, удакладнілі ў паліцыі.
Паводле дадзеных Global Drug Survey 2015, Аўстралія разам з Новай Зеландыяй — месцы з самымі высокімі коштамі на MDMA і какаін.
У 2011 годзе аўстралійскі парламент адзначаў, што кошт наркотыкаў у Аўстраліі істотна вышэйшы, чым у іншых краінах. У паліцыі гэта звязвалі з высокім попытам.
Доктар Адам Уінстак, адзін з суаўтараў Global Drug Survey 2015, лічыць, што высокія цэны на наркотыкі ў Аўстраліі тлумачацца адносна невялікай колькасцю спажыўцоў.
Акрамя таго, дастаўляць наркотыкі ў гэтую краіну складана і дорага, казаў ён.