Нарвегія не будзе дарыць Фінляндыі гару Халці ў знак сяброўства на 100-годдзе стварэння Фінляндскай Рэспублікі, заявіла прэм'ер-міністр Нарвегіі Эрна Сульберг.

Flickr

Ініцыятыва падарыць Фінляндыі вяршыню 1361-метровай гары зыходзіла ад групы нарвежцаў. Яны тлумачылі сваю ідэю тым, што частка гары, якая знаходзіцца на мяжы паміж краінамі, усё роўна належыць Фінляндыі і пры гэтым з'яўляецца самай высокай кропкай гэтай краіны.

Калі б мяжу пасунулі на 150 метраў на поўнач, і на 200 — на захад, то найвышэйшай кропкай Фінляндыі аказалася б рэальная горная вяршыня, а не ўчастак схілу, як цяпер, прыводзяць свае аргументы прыхільнікі ідэі падарыць гару.

Аднак, па словах Сульберг, змяненне мяжы паміж краінамі пацягнула б за сабой вельмі складаныя праблемы юрыдычнага кшталту. Акрамя таго, ідэя супярэчыць канстытуцыі Нарвегіі, у першым артыкуле якой напісана, што Нарвегія не будзе па добрай волі саступаць сваю тэрыторыю.

«Гэта прапанова вельмі добра была ўспрынятая публікай», — адзначыла міністр. Сапраўды, прапанова набрала 17 тысяч подпісаў у сацсетках.

«Але мы прыдумаем іншы годны падарунак на стагоддзе Фінляндыі», — сказала на заканчэнне міністр.

Фінляндыя стала незалежнай дзяржавай і дэмакратычнай рэспублікай 6 снежня 1917 года, да гэтага яна была часткай Расійскай імперыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?