Памацаць янота і пакарміць лісу ў хатніх умовах удаецца вельмі рэдка, калі не сказаць ніколі, таму не дзіва, што гамяльчанам прыйшлася па душы незвычайная забава. Праўда, не ўсім пашанцавала атрымаць радасць і станоўчыя эмоцыі ад кантакту з чатырохногімі.

З ліста ў рэдакцыю «Гомельскай праўды»:

«Схадзілі з дзецьмі ў заапарк на сваю галаву. Мала таго, што аддалі шалёныя грошы, дык яшчэ і пакусаныя сышлі адтуль. Малодшага сыночка (2 гады) укусіла за твар ліса. Хоць я адразу пацікавілася, ці кусаюцца яны. Мне сказалі, што яны выгадаваныя спецыяльна для такіх заапаркаў і зусім не агрэсіўныя. Калі я спытала, чаму ліса так сябе павяла, мне адказалі, што дзіця наступіла ёй на лапу. Хоць яно стаяла ў добрых 50 см ад яе і фізічна не магло гэтага зрабіць. Карацей, «вінаватыя самі». Увогуле, сышлі расчараваныя, без грошай, яшчэ і пакусаныя. Калі сыходзілі, нам сказалі, што гэта не першы выпадак, калі жывёлы кусаюць людзей. Жах, адным словам!»

Уладальнік кантактнага заапарка Уладзімір пракаментаваў тое, што здарылася:

«Падобныя здарэнні з нашымі гадаванцамі адзінкавыя. Калі мы адкрыліся, янот падрапаў дзіця, натуральна, не спецыяльна. Паўстала мноства пытанняў адносна таго, ці можна наогул ствараць такія заапаркі. Некаторыя баяліся падчапіць якую-небудзь заразу ад жывёл, казалі, такія звяры павінны жыць у дзікай прыродзе, бо рана ці позна прачнуцца інстынкты і янот адгрызе палец.

Каб супакоіць наведвальнікаў, мы гатовыя паказаць карту прышчэпак на кожную жывёлу — усе яны здаровыя і чыстыя. У нас дамова з гомельскай ветстанцыяй, усе дакументы ў парадку. Да таго ж, прыручаныя «генна-мадыфікаваныя» лісы і яноты ручныя, ужо ў некалькіх пакаленнях не дзікія, у іх паводзінах агрэсіі няма і быць не можа. Адзінае, за што трэба хвалявацца: ці зроблена пацярпеламу дзіцяці прышчэпка ад слупняка?

Растлумачыць укус можна: дзіця неспадзявана наступіла лісяняці на лапу, і жывёла такім чынам абаранялася. Любы гадаванец можа адрэагаваць, калі яго пакрыўдзілі, нават ваш любімы пудзель або хамячок. Калі адбыўся інцыдэнт з укусам, мама знаходзілася не каля дзіцяці, а недзе непадалёк, хоць у правілах дакладна прапісана, што малых дзяцей трэба трымаць на руках або вадзіць за руку.

Наш працаўнік аказала першую дапамогу — прамыла ранку мылам, апрацавала зялёнкай, затым патэлефанавала доктару і параілася. Доктар сказаў, што ўсё зроблена правільна, галоўнае, каб дзіцяці ў свой час зрабілі планавыя прышчэпкі ад слупняка, як раз для падобных выпадкаў. Гамяльчане, якія прыходзяць кантактаваць з чатырохногімі сябрамі, павінны азнаёміцца з агульнымі правіламі знаходжання ў заапарку, якія вісяць на стэндзе».

Мы звярнуліся да Дзмітрыя Патапава, старэйшага выкладчыка кафедры заалогіі, фізіялогіі і генетыкі біялагічнага факультэта ГДУ імя Ф. Скарыны. Ён распавёў, якім чынам прыручаюць жывёл і чаму, здавалася б, мілыя пухнатыя стварэнні, якія ніколі раней не паказвалі зубы, раптам пачынаюць паводзіць сябе агрэсіўна ў адносінах да людзей:

«Называючы жывёл «генна-мадыфікаванымі», работнікі заапарка, мабыць, жартуюць. Прыручэнне, або даместыкацыя, — працэс змены дзікіх жывёл або раслін, пры якім на працягу многіх пакаленняў яны жывуць генетычна ізалявана ад сваёй дзікай формы і падвяргаюцца штучнаму адбору. Гэта тыя жывёлы, якія нарадзіліся і ўтрымліваліся ў няволі, роўна як і іх бацькі, бацькі бацькоў і гэтак далей.

У асноўным у кантактных заапарках утрымліваюць жывёл і птушак, якія патэнцыйна могуць нанесці найменшую шкоду жыццю і здароўю чалавека. Гэта яноты, лісы, тхары і куніцы, совы, вожыкі, грызуны. Цяпер многія заводзяць дома гібрыдаў тхара і норкі. Лісы — гэта мяжа, ваўкі ўжо не падыходзяць для кантактных заапаркаў, бо могуць быць смяротна небяспечныя праз свой памер. Іх трэба трымаць на адлегласці, у вальеры.

Калі маці спытала ў работнікаў, ці не кусаюцца іх жывёлы, работнікі адказалі праўдзіва. Сапраўды, такія лісы і яноты не ўяўляюць небяспекі для чалавека, наадварот — яны ласкавыя і гуллівыя. Лісіны ўкус дзіця справакавала, хутчэй за ўсё, нейкім неасцярожным дзеяннем. Гэтак жа можна наступіць на хвост кату і атрымаць ад яго здачы. Кошкі кусаюцца і падчас гульні. Толькі выконваючы правілы паводзінаў з жывёламі, мы зможам засцерагчы сябе і сваіх дзяцей ад падобных непрыемнасцяў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?