З’яўляюцца новыя падрабязнасці біяграфіі дырэктара агенцтва «Акадэм-нерухомасць» Аляксандра Гарашчэні, які ў сваім фэйсбуку назваў народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна «нацыскай свалатой». Аказваецца, зусім нядаўна Гарашчэня быў замешаны ў вельмі гучную крымінальную справу.

Ён праходзіў у якасці сведкі ў працэсе дзвюх чыноўніц з Міністэрства юстыцыі, якія трапілі на лаву падсудных за хабар. На той час Гарашчэня працаваў у рыэлтарскай фірме «Квадратны метр». Дырэктарам кампаніі з’яўляўся Ігар Мяркулаў.

Гарашчэня звярнуўся да свайго начальніка з просьбай дапамагчы ў тым, каб яго жонка Вольга Гарашчэня атрымала ліцэнзію рыэлтара. Мяркулаў паабяцаў зладзіць гэта праз начальніка ўпраўлення адвакатуры і ліцэнзіявання Мінюста Галіну Грышкавец. Чыноўніца адказала, што цана пытання 1 тысяча даляраў.

«Муж і жонка аператыўна сабралі патрэбную суму і праз дырэктара агенцтва перадалі грошы чыноўніцы. Яна, у сваю чаргу, дала экзаменацыйны тэст з варыянтамі адказаў. Тэкст раздрукоўвала намеснік начальніка ўпраўлення Наталля Беразоўская, якая цяпер праходзіць па справе другой абвінавачванай», — пісалі падчас працэсу naviny.by.

У выніку суда Галіна Грышкавец была асуджаная на 8 гадоў зняволення, а Наталля Беразоўская — на 4.

Вольга Гарашчэня цяпер значыцца як «атэставаны рыэлтар» на сайце агенцтва «Акадэм-нерухомасць».

Сам Аляксандр Гарашчэня пісаў крыху пра гэтую справу ў сацыяльных сетках.

«Некалькі гадоў назад давялося мне праходзіць сведкам па адной крымінальнай справе. Справа была аб хабарах. Вёў справу малады гэбэшны следчы, перапоўнены казённай прыязнасці. Гэта быў чалавек, які знаходзіцца на сваім месцы», — піша Гарашчэня.

«Ён верыў ва ўсё, у што патрэбна верыць сапраўдным цімураўцам: верыў у закон; як у Багародзіцу верыў у карупцыю; верыў у барацьбу з ёй, у неабходнасць такой барацьбы і ў канчатковую перамогу Дабра і Справядлівасці; верыў у тое, што вось зараз здзяйсняецца правасуддзе. Бессэнсоўна было б тлумачыць яму, што барацьба з карупцыяй — часцей за ўсё толькі практыка запалохвання (альбо спосаб звесці рахункі, альбо магчымасць для кагосьці прасунуцца па кар'ернай лесвіцы, альбо элемент піяру, фанфарона справаздачнасці), якая не мае нічога агульнага з правасуддзем», — адзначыў Гарашчэня.

Як бачна з допісу, карупцыю як з’яву рыэлтар не спрабуе нават асуджаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?