20 чэрвеня Гомельскі абласны суд абвясціў прыгавор у дачыненні да жыхара Гомеля Паўла Лянога, які восенню 2007 года згвалтаваў і жорстка забіў дзевяцігадовага хлопчыка.

Прыгавор — вышэйшая мера пакарання праз расстрэл — педафілу абвясцілі ў дзень нараджэння (20 чэрвеня яму споўнілася 27 гадоў).

П.Ляной да ўчынення злачынства двойчы адбываў пакаранне ў месцах пазбаўлення волі за распусныя дзеянні сексуальнага характару. Першы раз суд прыгаварыў яго да трох гадоў пазбаўлення волі, але праз восем месяцаў (у 2003 годзе), вызваліўшыся па амністыі, П. Ляной зноў быў прыгавораны да пазбаўлення волі тэрмінам на восем гадоў за згвалтаванне непаўналетняга, аднак адседзеў толькі чатыры гады і вызваліўся ўмоўна‑датэрмінова.

24 верасня 2007 года, праз тры тыдні пасля вызвалення з месцаў пазбаўлення волі, П. Ляной згвалтаваў і жорстка забіў хлопчыка, які памёр ад разрыву сэрца. Маньяк нанёс яму 12 удараў у галаву, шыю, грудзі. Сябры хлопчыка дапамаглі міліцыі ў пошуках злачынцы, указалі, што менавіта з гэтым чалавекам вечарам, каля 19 гадзін, пайшоў Саша. Затрыманы педафіл доўга вадзіў міліцыю па лесе, адмаўляючыся паказаць, дзе схаваны труп і месца злачынства, аднак потым ва ўсім прызнаўся.

Маці памерлага хлопчыка Наталля Маладзецкая зазначыла ў інтэрв’ю БелаПАН, што прыгавор у дачыненні да маньяка — справядлівы.

«Ён не варты жыцця, не варты нават турэмных сцен, мне было б цяжка жыць, усведамляючы, што недзе жыве і гэты падонак», — падкрэсліла маці.

Характэрна, што бацькі педафіла і бацькі хлопчыка жылі па суседстве, апрача таго, забойца вучыўся ў адным класе з родным дзядзькам сваёй ахвяры.

Суд быў закрытым, маці і бабуля забітага, якія прысутнічалі на пасяджэннях, паведамілі БелаПАН, што абвінавачваны паводзіў сябе спакойна і цынічна, віну прызнаваў часткова, сцвярджаў, што не хацеў забіваць. Паводле слоў сваякоў хлопчыка, педафіл сам напісаў прамову ў сваю абарону для адваката на чатырох старонках.

«Калі абвясцілі прыгавор, маньяк задрыжэў і заплакаў», — паведамілі сваякі забітага дзіцяці.

На працягу 10 дзён прыгавораны да смерці можа абскардзіць прысуд, а таксама падаць прашэнне аб памілаванні.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0