Злучаныя Штаты працягваюць рэжым прыпынення санкцый у дачыненні да дзевяці беларускіх прадпрыемстваў на паўгода, паведаміла намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Брыджыт Брынк на брыфінгу ў Мінску 18 кастрычніка.

Адпаведнае паведамленне практычна адразу пасля гэтага распаўсюдзіла таксама Міністэрства фінансаў ЗША.

«Міністэрства фінансаў ЗША з улікам кансультацый і ў каардынацыі з Дзяржаўным дэпартаментам ЗША працягвае дазвол на ажыццяўленне здзелак з беларускімі прадпрыемствамі, якія падпадаюць пад санкцыі згодна з указам прэзідэнта ЗША № 13405. Гэты дазвол не вызваляе заблакаваную уласнасць гэтых прадпрыемстваў», — гаворыцца ў рэлізе Мінфіна. Рашэнне дзейнічае да 30 красавіка 2017 года

Санкцыі ў дачыненні да шэрагу беларускіх прадпрыемстваў былі ўведзеныя на падставе ўказа прэзідэнта Джорджа Буша ад 16 чэрвеня 2006 года ў сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі і з тых часоў перыядычна працягваліся. У санкцыйных спіс уваходзяць «Беларускі нафтавы гандлёвы дом», канцэрн «Белнафтахім», Belneftekhim USA Inc., ААТ «Белшына», ААТ «Гродна Азот», ААТ «Гродна Хімвалакно», ААТ «Лакафарба», ААТ «Нафтан» і ААТ « Полацк-Шкловалакно».

29 кастрычніка 2015 года Мінфін ЗША прыняў рашэнне аб частковым змякчэнні санкцый на паўгода (да 30 красавіка 2016 года), дазволіўшы транзакцыі. Пры гэтым, калі сума здзелкі перавышае 10 тыс. долараў, грамадзяне ЗША абавязаны паведамляць пра гэта ўпраўленню кантролю замежных актываў Дзярждэпартамента. У красавіку 2016 года гэта рашэнне было працягнута яшчэ на паўгода.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?